СПОРЫЦЦА РАБОТА Ў МАЛАДЫХ РУКАХ
Лідыруючы маладзёжны экіпаж у сярэдзіне мінулага тыдня намалаціў першыя 500 тон. Раман Аляксеенка і Максім Мельнікаў прымалі віншаванні ад прадстаўнікоў маладзёжных арганізацый. Начальнік аддзела па справах моладзі Вольга Дарафеева і другі сакратар РК грамадскага аб’яднання “БРСМ” Алена Пархоменка уручылі хлебаробам Падзячны ліст, а ў падарунак – салодкі пачастунак. Віншаванні і Падзячныя лісты хлопцы таксама атрымалі і ад старшыні раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК А.М. Мажаева. Такія знакі – выдатнае сведчанне таго, што старанне не застаецца без увагі. У пары Раман і Максім працуюць толькі першы год. Аднак у Р.Аляксеенкі вопыт за плячыма ўжо маецца – як-ніяк пяты сезон запар ён непасрэдна ўдзельнічае ў стварэнні агульнага каравая. Гэтым летам моладзь асвоіла новы КЗС-1218. У сельгаспрадпрыемстве яшчэ два такія ж камбайны. Але на момант нашай сустрэчы менавіта маладзёжны экіпаж быў першым не толькі ў раёне сярод сваіх равеснікаў, але і ў гаспадарцы. Самае цяжкае ў сезон уборкі, на іх думку, тое, што працоўны дзень вельмі доўгі, але пры гэтым так прыемна выконваць агульную справу, калі на вуліцы добрае надво’е і праца спорыцца.
Наталля СУВАЛАВА.