Амаль стагоддзе на зямлі яе зорка жыцця зіхаціць

У пенсіянеркі Настассі Анталімонаўны Сцепаньковай з вёскі Каменка 1 ліпеня быў і радасны, і хвалюючы, і крыху сумотны дзень – яна адзначыла 95-годдзе нараджэння.

Дзень радасны, бо ўжо даўно размяняла сотню гадоў жыцця і на сваіх нагах топчацца па масніцах старэнькай хаты, дзе прайшло яе дзяцінства і квітнела вясна жаночага шчасця. Хвалюючы, таму што прымаць віншаванні ад блізкіх заўсёды прыемна, кожнае пажаданне – гэта знак увагі і бязмежнай даччынай любові. А сумоту выклікае шкадаванне аб незаўважна праляцеўшых момантах, перажытых светлых пачуццях, згубленых спагадлівых сябрах, добрых суседзях і бурлівай працавітай маладосці. Чаго-чаго, а працы ў Настассі Анталімонаўны хапала празмерна. Тут, на вуліцы Зялёнай, яна рана пасталела, спазнала цяжкую сялянскую працу. У сям’і, дзе выхоўвалася 7 дзяцей, хоць і была самай малодшай, але поруч з братамі і сёстрамі ўпрагалася ў сямейныя турботы. Разам з дарослымі шчыравала на бульбяным полі, жніве і касавіцы, на ўборцы лёну калгаса «Пралетарскі шлях». Прайшла і праз вайну. Хавалася ад немцаў у зямлянцы, якую зрабіў бацька, бо Каменку фашысты спалілі амаль дашчэнту – стралялі запальнымі кулямі па саламяных дахах. Хата за хатай ўспыхвалі, нібы свечкі. Усяго полымя пажару злізала гарачым языком больш за 100 двароў. На шчасце, жыхары паспелі ўцячы ў лес. Загінула толькі 6 чалавек, сям’я Настассі Анталімонаўны таксама згубіла аднаго з сыноў, а 21 вяскоўца акупанты вывезлі ў Германію на прымусовыя работы.

А потым прыйшлі савецкія салдаты, прынеслі вызваленне. Пачалося адраджэнне жыцця. Ізноў напружаная, зусім нежаночая праца. Паціху вёска аднавілася, паставіў новую хату і бацька Настассі Сцепаньковай. Час прабег хутка. Вось дзяўчына падрасла, пахарашэла, вышла замуж і нарадзіла чацвёра дзяцей. Працавала і ў паляводстве саўгаса «Бяляеўскі», і каля дрэваапрацоўчага станка на лесапільным заводзе ў Пехцерава: валяла лес, вырабляла клёпку, цягала на плячах тоўстае бярвенне. А дома ў вольную хвіліну садзілася за ткацкі станок, вышывала крыжыкам сурвэткі і навалачкі, вязала цёплыя шкарпэткі. Вельмі добра ў вёсцы ладзілі гулянні, як успамінае жанчына. За дзень рукі і спіна натомяцца, а вечарам ногі просяцца ў кола. Пад гармонік сяляне спрытна выбівалі «сербіянку», «падэспань», «кракавяк» і «польку». І боль нібы рукой здымала.

Мінулі гады. Здаецца, усё было так даўно і… толькі ўчора. Настассі Анталімонаўне 95. У пакоях утульна, на стале сытна, а на двары кудахчуць куры – адзінае, што засталося ад вялікай хатняй гаспадаркі. Паважаны ўзрост жанчына падзяляе з мужам Іванам Паўлавічам, з якім сышлася пасля смерці першага і ўжо разам за 30 гадоў. У Бога яна просіць аднаго – міру на зямлі, шчасця дзецям і ўнукам, а сабе – лёгкай дарогі ў іншы свет. Бо на гэтым яна жыла хоць і цяжка, але па-людску: працавала сумленна, любіла верна, клапацілася шчыра, дзялілася апошнім. Таму Гасподзь і даў ёй такі доўгі чалавечы лёс.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика