З ЛЮБОЎЮ ДА КНІГІ
Творчыя здольнасці і прыродны талент бібліятэкара дзіцячай бібліятэкі Таццяны Лявончыкавай прагназавалі ёй цікавае пульсуючае жыццё і прафесію культработніка. Кім яна ў далейшым і стала, але замест сцэны выбрала цішыню бібліятэчнай залы.
Скончыўшы ў мінулым годзе Беларускі ўніверсітэт культуры і мастацтва па спецыяльнасці бібліятэкавядзенне і бібліяграфія, Таццяна вярнулася на малую радзіму і ўладкавалася на працу па профілю. Малады спецыяліст свой выбар абгрунтоўвае проста: люблю кнігу і захапляюся чытаннем. А каб не разгубіць дараваны ёй звыш талент сцэнічнага майстэрства, узначаліла дзіцячы экатэатр «Флорык». І зараз амаль што ні адна тэматычная вечарына ці пазнавальна-гульнёвая кампазіція не праходзяць без удзелу юных тэатралаў. Маладая, перспектыўная, паслухмяная і ўважлівая дзяўчына задаволена як вызначанай прафесіяй, так і атмасферай у калектыве. Бо яе тут прынялі з цеплынёй і перадаюць пачынаючаму бібліятэкару няхітрыя навыкі такой высакароднай і неабходнай прафесіі. А навучае свайго калегу, натхняе і дае парады не толькі дырэктар гэтай культурнай установы. Заўсёды побач старэйшы сябар, дарадчык і вопытны работнік Людміла Трубачэнка. У сферы бібіліятэчнай сістэмы жанчына вось ужо больш за 10 гадоў, таму мае рацыю выказаць маладому спецыялісту заўвагу, указаць на памылкі і, калі трэба, пахваліць за добрыя адносіны да службовых абавязкаў. Сама ж метадыст аддзела маркетынгу занятая тым, што курыруе работу сельскіх бібліятэк, састаўляе планы і падрыхтоўвае пэўныя метадычныя рэкамендацыі, адшуквае і рэалізуе новыя формы дзейнасці. А па неабходнасці займаецца кнігавыдачай на абанеменце. Яшчэ Людміла Фёдараўна – пастаянны ўдзельнік розных конкурсаў, творчых спаборніцтваў і бібліятэатра “Кнігаўка”. Адным словам, ёй, як сучаснаму бібліятэкару, характэрны такія рысы, як камунікабельнасць, мабільнасць і шырыня працоўнага дыяпазону.