Валошкі і рамонкі на белым калінкоры

Станоўчая атмасфера і настрой заўсёды прысутнічаюць у кватэры чачаранкі Ніны Ганжынай, бо на вышываных ручніках, абрусах і сурвэтках пярэстымі малюнкамі зіхаціць само сонейка.

У маладосці займацца любімым рамяством не хапала часу. У матулі падрасталі чацвёра дочак, клікаў агарод, было шмат клопату, калі працавала кухоннай рабочай у галіне грамадскага харчавання. Дарэчы, за гарачымі абедамі і сняданкамі каля электрапліты Ніна Іванаўна прастаяла 22 гады. Бывала, за дзень натопчышся, ад жару і выпарэння так натомішся, што не да іголак з ніткамі. Калі ж дзеці падраслі і жанчына выйшла на пенсію, ёсць чым заняць і час, і рукі. А навыкам вышыўкі гладдзю яна навучылася яшчэ ў школе на ўроках працы, нешта пераняла ад маці. І цяпер у кожную вольную хвіліну садзіцца за пяльцы і пачынае «варажыць» над новым мудрагелістым узорам. Колькі прайшло праз яе рукі прыгожых навалачак, падузорнікаў і накідак на падушкі, не пералічыць. Яе работы разыходзяцца па знаёмых, у падарунак сяброўкам і блізкім.

А аднойчы яе папрасілі аздобіць каляровым матывам касцюмы артыстаў народнага калектыву «Чачэрцы». Больш за год майстрыца карпела над спадніцамі і бузкамі спявачак, каб дзяўчаты выглядалі адпаведна свайму творчаму іміджу.

У кожны узор, у кожны шывок укладзена чуллівая жаночая душа. На белым палатне каларыт колеру блакітных званочкаў, далікатных браткоў і пышных руж настолькі насычаны, што ад сілы ўмела скамбінаваных фарбаў аж вочы слепіць. У Ніны Іванаўны 4 ўнукі, і адна з дзяўчынак – трохгадовая Ксюша – ўжо з цікавасцю пагладае на пальцы бабулі, сочыць, як яны па эскізу будучага твора спрытна выводзяць ніткамі мулінэ лісткі, галінкі і бутоны. «Ведаеце, думала, не буду больш займацца вышыўкай, яна зараз не карыстаецца попытам, нікому не патрэбна. Але не магу, рукі самі просяцца да пяльцаў. Здаецца, душа мая спявае, калі бяруся за іголку, выводжу малюнак і ператвараю насамрэч тое, што прыдумала ў галаве», – усміхаецца жанчына. Гатовыя работы – ў шафу, каб потым адарыць імі іншых, а вязаныя шкарпэткі, пальчаткі і рукавічкі – сваім родным, каб дзеці і ўнукі не мерзлі ўзімку і не захварэлі.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика