Ад Чачэрска да Краснаполля па дарозе краязнаўства
Члены раённага грамадскага аб’яднання «ЧАК» наладзілі пазнавальную экскурсію па гістарычных мясцінах свайго і суседняга Краснапольскага раёнаў. У дарогу краяведы адправіліся з вучнямі другой гарадской школы.
Перадаць маладому пакаленню веды пра археалагічныя, прыродныя, архітэктурныя і гістарычныя каштоўнасці краю і сваёй Беларусі, прывіць любоў і гонар за малую радзіму, выхаваць у юнакоў і дзяўчат пачуццё патрыятызму і іншых станоўчых чалавечых якасцей – першачарговая мэта работы грамадскага аб’яднання. А, галоўнае, каб яны ведалі свае карані, адкуль мы родам і чым багатая беларуская зямля.
Экскурсія па краявідах і культаб’ектах працягвалася амаль 6 гадзін. А першым прыпынкам на шляху быў аграгарадок Палессе. Турысты завіталі да святой крыніцы, дзе ўжо адзін з мясцовых жыхароў напаўняў бутэлькі і біклагі гаючай крынічнай вадой. У храме свяціцеля Мікалая Цудатворцы паставілі свечкі, паслухалі расповяд айца Мікалая пра будаўніцтва царквы і якія ў працэсе гэтага адбыліся неверагодныя цуды. Не менш цікавым стала наведванне музейнага пакоя па этнаграфіі, які айцец Мікалай абсталяваў у пакоях сваёй хаты, сабраўшы экспанаты і прадметы вясковага побыту палясчан і жыхароў навакольных вёсак.
Уразіў і здзівіў сваім выглядам і глыбінёй духоўнай атмасферы помнік архітэктуры драўлянага дойлідства – храм Дзмітрыя Растоўскага ў Выдрынцы, што на Магілёўшчыне. Здаецца, само паветра тут прасякнута святой малітвай і веліччу.
Перахрысціўшыся перад святымі абразамі, удзельнікі выязнога туру рушылі далей – да парога Краснапольскага гісторыка-этнаграфічнага музея. Больш за ўсё рабят цікавілі рэчы хатняга побыту мінулага стагоддзя: кросны, збаны, дзіцячая калыска, сундукі і жорны, драўляная ступа і маслабойка – да ўсяго падлеткам хацелася дакрануцца рукамі. А зрабіць фота на памяць у пакоі прыродазнаўства жадалі ўсе без выключэння.
На зваротным шляху дзеці пажадалі набраць вады ў святым вытоку ў Мхінічах. Там іх сустрэў святар мхініцкай царквы і блаславіў на добрае здароўе. Дадому экскурсанты прыехалі крыху стомленыя, але задаволеныя і ўзрушаныя ад убачанага.
«Не трэба далёка ехаць за дзівосамі і нацыянальнымі славутасцямі, – адзначыў старшыня грамадскага аб’яднання «ЧАК» і арганізатар паездкі Пётр Несцяровіч. – Усё прыгожае побач, толькі знайдзі магчымасць сюды завітаць». І выказаў вялікую падзяку за дапамогу ў выдзяленні транспарту начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму Алле Гулевіч, а таксама дырэктару СШ №2 Вользе Цалка за паразуменне і сумесную работу па краязнаўству.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.