Іх рукамі здабываецца хлеб і працоўная слава
Хлебаробы краю падводзяць рысу пад самай важнай сельскагаспадарчай справай. На ўчарашні дзень ў раёне вызвалена ад пасеваў з зерневымі 98 працэнтаў плошчы. Лепшых механізатараў ушаноўвалі і адорвалі ўвагай.
Працоўная двойка ў складзе Сяргея Бяляева і Юрыя Вараб’ёва з ААТ «Вазнясенск» спрацавала ў гэтым сезоне на выдатна. Неблагія вынікі на жніве камбайнеры паказваюць не першы год. Добра ведаюць тэхніку і супольна з іншымі хлебаробамі краю вырашаюць пытанні па выкананні харчовай праграмы дзяржавы.
Отарскі вадзіцель Васіль Шамонін жыве ў Чачэрску. Ужо шмат гадоў ён штодзень накіроўваецца на мехдвор, садзіцца за руль грузавога аўтамабіля і едзе туды, дзе патрэбны яго рукі і сіла матора машыны. На ўборачнай на сваім цяжкім «газоне» ён даставіў на зернеток рэкордную 1000 тон збожжа.
Механізатар з ААТ «Батвінава» Юрый Болдыраў у лідарах кожную ўборачную кампанію. А калі ў гаспадарцы справяцца з задачай, дапамагае малаціць зерне суседзям. На гэты раз ён прымаў віншаванні аж у Халоччы – менавіта там Юрый шчыраваў на апошніх гектарах аўсянага кліну.
Вясной роўкавіцкі Валерый Еўтухоў паказвае прыклад на падрыхтоўцы глебы да сяўбы, а на жніве – ў шэрагу перадавікоў. Адказнасць і дысцыпліна, працавітасць і багаты вопыт у падтрымку аднаму з лепшых хлеборобаў Чачэршчыны.
Камбайнеры Сяргей Лагойкін і Максім Акінчыц з ААТ «Вазнясенск» дасягнулі намечанага, сабраўшы з палеткаў гаспадаркі прызавы фонд залатога зерня ў агульны каравай раёна. У лідарах на адвозцы на гэтым тыдні і палескі вадзіцель Аляксандр Яначкін.
Галоўны экзамен сяльгаснікі вытрымалі, на палях сціхаюць маторы камбайнаў і выходзіць на стартавую лінію іншая сельскагаспадарчая тэхніка. Колазварот земляробчых работ набірае новы віток. А перадавікам уборачнай кампаніі – нізкі паклон.