Як просты сялянскі хлопец стаў Героем Савецкага Саюза
У другую нядзелю верасня адзначаецца Дзень танкістаў. На Чачэршчыне добра вядома прозвішча Героя Савецкага Саюза, камандзіра танкавага ўзвода Т-34 Мікіты Круглікава. Сёння ёсць шанец яшчэ раз успомніць прозвішча знакамітага земляка і пакланіцца яго светлай памяці.
Нарадзіўся Мікіта ў 1914 годзе ў вёсцы Залессе ў шматдзетнай сям’і, дзе выхоўвалася 7 дзяцей. Зямлі не хапала, каб пракарміцца, і ў 1927-м Круглікавы выехалі ў Омскую вобласць. Займелі вялікую гаспадарку, надзел у некалькі гектараў. Там Мікіта стаў моцнай падтрымкай дарослым, галоўнай фігурай у хаце пасля бацькі. Ён меў вялікую прагу да ведаў, на ўроках хутка схопліваў тэму і скончыў сямігодку на выдатна. За добрую вучобу ў канцы навучальнага года педагогі дарылі таленавітаму школьніку кнігі, якія той з захапленнем прачытваў і затым пераказваў змест родным. А аратарскімі здольнасцямі ён валодаў выключна. Ішлі гады… Падчас калектывізацыіі ў 1931-м сям’я вярнулася на малую радзіму, Круглікавы пасяліліся ў Лукомскіх Паплавах і ўступілі ў калгас імя Кірава. Насупраць іх хаты вечарамі збіралася моладзь. Часта Мікіта выносіў гармонік і спяваў прыпеўкі, расказваў анекдоты, весяліў вяскоўцаў. Ён шмат чытаў газет і часопісаў, а потым праводзіў сярод насельніцтва своеасаблівыя лікбезы. Але раптам здарылася бяда – пры будаўніцтве свінарніка бацька ўпаў з лясоў і разбіўся. Цяжкая сіроцкая доля выпала дзецям. Аднак трэба было жыць. Мікіта марыў стаць настаўнікам і паехаў вучыцца ў Гомельскі педагагічны рабфак. Наведваў вячэрнюю школу, а па начах, каб зарабіць лішак грошай, разгружаў вагоны. Калі прыязджаў дадому, заўсёды частаваў родных гасцінцамі. А аднойчы прывёз касцюм і падзяліў яго паміж братамі – аднаму піджак, другому штаны. За свой век Мікіту давялося сядзець за рулём грузавой машыны, пэўны час заведваў хатай-чытальняй, навучаючы аднавяскоўцаў школьным ведам. У 1936-м яго прызвалі ў армію, дзе служыў у войсках народнага камісарыята ўнутраных спраў.
…Калі грымнула вайна, адправіўся на фронт і наш зямляк. У ваенкамаце папрасіўся ў танкісты, скончыў Арджэнікідаградскае ваеннае аўтамабільна-матацыклетнае і 1-е Харкаўскае танкавае вучылішчы. Ваяваў на Варонежскім і 1-м Украінскім франтах. Асабліва вылучыўся ў лістападзе 43-га. А было гэта так: ноччу 4 чысла танкавы ўзвод пад яго камандаваннем правёў разведку боем у раёне пасёлка Святошына. Танкісты ўварваліся ў размяшчэнне праціўніка, чым выклікалі паніку ворага, знішчылі 3 супрацьтанкавыя гарматы, 2 аўтамашыны, 3 мінамёты. Такія імклівыя дзеянні дазволілі савецкім войскам хутка авалодаць населеным пунктам і адрэзаць шляхі адыходу праціўніка па дарозе Кіеў-Жытомір. Аднак гітлераўцы блакіравалі танкавую брыгаду, і камандзір не мог звязацца па радыё са штабам корпуса, каб дакласці аб сітуацыі. Даставіць данясенне вызваўся Мікіта Круглікаў. Пад моцным артылерыйскім агнём яго танк уварваўся на тэрыторыю ворага. Баявая машына атрымала пашкоджанне, і камандзіру давялося прарывацца да сваіх з аўтаматам у руках. У выніку пад ударамі гвардзейскага танкавага злучэння нямецкае кальцо было разарвана… А праз месяц гвардыі лейтэнант Круглікаў загінуў у баі ля сяла Мядзелеўка, што на Жытоміршчыне, дзе і быў пахаваны.
В.БАГДАНОВІЧ.