«Маё сэрца там, дзе мая бібліятэка…»

У нашай краіне вось ужо больш двух дзясяткаў гадоў 15 верасня адзначаецца Дзень бібліятэк.

Святкуюць сваё прафесійнае свята таксама чачэрскія захавальнікі кніжных выданняў, сярод якіх – бібліятэкар Отарскай сельскай бібліятэкі Ніна Жытнікава. У галіну культуры яна прыйшла 17 гадоў назад, скончыла завочнае аддзяленне Магілёўскага бабліятэчнага каледжа імя А.С.Пушкіна і сэрцам прыкіпела да кніжных паліц і сваёй работы. На абслугоўванні ў Ніны Леанідаўны населеныя пункты Отар, Новазахарполле і Іпалітаўка. За кнігамі і часопісамі звяртаюцца 350 чытачоў, з якіх 80 дзяцей і падлеткаў. Сталым людзям, якім складана дайсці да бібліятэкі, усё неабходнае дастаўляецца прама на дом. У мінулым годзе кнігавыдача склала звыш 7 400 экзэмпляраў. Больш за ўсё карыстаюцца попытам творы сучасных пісьменнікаў, не залежваюцца на паліцах раманы і дэтэктывы Наталлі Батраковай і Дар’і Данцовай. Аднак не меншую зацікаўленасць апошнім часам выклікаюць і сюжэты аповядаў беларускіх класікаў Івана Мележа, Івана Шамякіна, Васіля Быкава.

Гісторыю сваёй малой радзімы, сялянскі побыт аднавяскоўцаў школьнікі вывучаюць па экспанатах музейнага пакоя. Ёсць тут месца і ваенна-патрыятычнай тэматыцы, і куточку этнаграфіі. Так як Ніна Леанідаўна ўваходзіць у склад членаў раённага краязнаўчага аб’яднання «ЧАК», то тэма росквіту роднага краю, жыцця яго жыхароў ёй блізкая і знаёмая. Свае веды яна перадае рабятам краязнаўчага гуртка «Вытокі». Тут праводзяцца пазнавальныя экскурсіі, віртуальныя экспедыцыі, тэматычныя віктарыны і квэсты, гістарычныя гадзіны і многае іншае. Сумесна з клубнымі работнікамі дзеці актыўна ўдзельнічаюць у фальклорных святах Троіца, Яблычны Спас, Калядкі і інш., праводзяць пакроўскія пасядзелкі. А рознастайныя анлайн-конкурсы і марафоны – ўсімі любімыя іспыты на талент, інтэлект і кемлівасць.

– Бібліятэкар – адна са старэйшых прафесій, першыя прадстаўнікі якой працавалі яшчэ з глінянымі табліцамі, – гаворыць Ніна Леанідаўна. – Сёння ж спектр службовай дзейнасці вельмі пашыраны, ад звыклай апрацоўкі інфармацыйных матэрыялаў і фарміравання кніжных фондаў да вядзення электронных баз і выканання задач адміністратара ў камп’ютарных чытальных залах. Я ганаруся, што працую ў гэтай галіне і вельмі люблю сваю прафесію. Кнігу не заменіць ніякі інтэрнэт, яна – найлепшы сябра, настаўнік і дарадчык, скарбніца народнай мудрасці, да якой лёгка дакрануцца душой і рукамі, якую можна перачытваць яшчэ і яшчэ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика