Каралеве палёў сяльчанам трэба добра пакланяцца
На палетках сяльгаспрадпрыемстваў працягваецца нарыхтоўка кармоў.
Па дадзеных райкома прафсаюза работнікаў АПК на 15 верасня, лепшы ў раёне паказчык у механізатара гаспадаркі «Отар» Андрэя Буракова, які ўбраў 5691 тону сяльгаскультуры. Другое месца ў Ігара Пацеева з «РоўкавічыАгра» – 4789,6 т, замыкае тройку лідараў отарскі Сяргей Мінянкоў – 4539 т. На адвозцы зялёнай масы лепш за ўсіх спраўляюцца вадзіцелі з «Отара» Дзяніс Кандрацьеў (1910 т) і Аляксандр Ткачоў (1493 т). На трэцяй прыступцы раённага рэйтынга Аляксей Сахараў са «Звязды» – ён перавёз 1431 т.
Старанныя працаўнікі – прыклад для ўсіх. У спаборніцтве многія імкнуцца паказаць добры вынік, каб зімоўка ў жывёлагадоўчай галіне прашла як трэба.
Роўна і манатонна з рання да вечара гудзе матор КВК-800 на палетках ААТ «Вазнясенск». За рулём кормаўборачнага камбайна 18-ты сезон вопытны механізатар Алег Ананенка.
«Працуем без збояў, пакуль дазваляе надвор’е і не падводзіць тэхніка, – усміхаецца аграрый. – Кукуруза на 900 гектарах у гэтым годзе ўрадзіла добрая, будзе жывёле сакавітай ежы на ўсю зіму і на зерне застанецца».
А ўраджай каралевы палёў і сапраўды радуе. За дзень пад жатку камбайна трапляе да 25 гектараў расліны, а на асобных участках, дзе кукуруза стаіць густой сцяной, атрымоўваецца яе скасіць на плошчы ў сярэднім 20 га.
Працоўны насычаны рытм – знаёмая працэдура для механізатара. Амаль за 40 гадоў работы за рулём энерганасычанай тэхнікі Алегу Уладзіміравічу даводзілася выконваць розныя задачы сельскагаспадарчага клопату: дыскаванне, культывацыя і ворыва глебы, нарыхтоўка сенажу, перавозка кармоў, 35 сезонаў на жніве і многае іншае. І сёння, у самы адказны момант, ён тут, на кукурузным полі.
Вузлы і агрэгаты КВК – у парадку, адвозка зялёнай масы – без затрымак, настрой – баявы, і, галоўнае, ёсць паразуменне за важнасць даручанай справы і пачуццё высокай адказнасці. З такімі кадрамі лёгка ўвасабляць у жыццё любыя вытворчыя працэсы.
Працоўнымі стараннямі, азартам, адказным падыходам да ўборкі кукурузы вылучаюцца аграрыі з сяльгаспрадпрыемства «Звязда».
На касьбе кукурузы Аляксей Нарушаў і Максім Макарэвіч паказваюць такія ж выдатныя вынікі, як і падчас жніва зерневых, не змяняючы пачэснаму і ганароваму званню сапраўдных гаспадароў сваёй зямлі. Хаця ў кожнага з іх ёсць асноўныя службовыя абавязкі: Аляксей працуе інжынерам па эксплуатацыі машынна-трактарнага парку, а Максім – загадчык мехмайстэрні, аднак яны заўсёды там, дзе неабходна іх падтрымка, вопыт і моцнае мужчынскае плячо. На кормаўборачных камбайнах спрытна спраўляюцца з гектарамі травяністай культурнай расліны, метр за метрам здрабняючы высокія сцябліны каралевы палёў на сакавітую масу, забяспечваючы грунтоўную кармавую базу рагатаму пагалоўю жывёлы.
А на адвозцы «зялёнкі» спрытна і дакладна падстаўляюць пад сіласаправод кузавы тэхнікі механізатары Аляксей Сахараў і Ігар Марозаў. У чарзе доўга стаяць не даводзіцца, бо рытм работы вядзецца хуткі і бесперапынны. Некалькі хвілін ходу за камбайнам, і трактар накіроўваецца да сіласнай ямы, дзе ўжо закладзена ежы бычкам і каровам амаль пад неба. У бартах МТЗ па 5-7 тон кукурузы. Рэйс за рэйсам, тона за тонай кладуцца на кансервацыю грамадскаму статку кармавыя адзінкі. У Аляксея, напрыклад, за дзень атрымоўваецца калясіць туды і назад па 20-28 разоў, а кожная ходка – гэта надзейны задзел пад будучае малако і мяса.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.