У руках хлебароба калоссе пяе, бо яму ён душу і любоў аддае

Калі нехта гаворыць, што прафесія механізатара ці аператара машыннага даення непрыстыжная, хочацца не пагадзіцца.

Цяжкая, складаная, мазольная, але – ВАЖНАЯ і НЕАБХОДНАЯ. Ну, што б мы рабілі, калі ў магазінах раптам зніклі малако і смятана, не стала мяса або апусцелі прылаўкі з хлебабулачнай прадукцыяй? Гэта, бадай што, падобна стыхійнаму бедству. Таму, лічу, працаўнікі вёскі – людзі асаблівай закалкі, якія заслугоўваюць такой жа асаблівай павагі і ўдзячнасці, перад якімі варта знімаць шапку.

Забеспячэнне дзяржаўнай харчовай праграмы, клопат аб высокіх ураджаях і папаўненні пагалоўя грамадскага статка – іх штодзённы клопат і працоўная задача. Многія з іх маглі б выбраць месцам жыхарства шумныя мегаполісы, займець няпыльную работу, праводзіць вольны час у гарадскіх парках, наведваць тэатры і забаўляльныя культустановы. Аднак яны засталіся на малой радзіме, на бацькоўскіх сенажацях і родных прасторах. Не ўсім быць блогерамі, праграмістамі ці вэб-дызайнерамі, як гэта стала зараз модным. Трэба ж вырошчваць хлеб, «хадзіць» за каровамі, а гэта, між іншым, таксама патрабуе дастатковых ведаў і навыкаў.

Залатыя рукі і шчырыя сэрцы вяскоўцаў – наш скарб, а іх працоўныя дасягненні – наш гонар. І прыемна, калі разам з аксакаламі аграрнай справы за рулём тэхнікі, каля дойнага статка маладыя і здольныя хлопцы і дзяўчаты, дбайныя і граматныя кіраўнікі, аграномы, інжынеры, лабаранты, ветурачы і брыгадзіры. На іх плячах трымаецца жыццё, за імі – багацце пшанічнага поля, смак духмянага каравая, усмешка дзіцяці, здароўе, шчасце і дастатак людзей.

Раней і цяпер чалавек на вёсцы быў гаспадаром, ён неадлучны ад працы, бо гэта праца належыць не толькі яму самому. На яе спадзяецца ўвесь свет.

Калі мы, гараджане, у выхадныя дні яшчэ соладка пасопваем у сваіх цёплых ложках, на фермах і мехдварах ужо ва ўсю кіпіць працэс – там гартуецца працоўная слава і святасць нашага стала. Нізкі вам паклон, сяляне!

Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика