Педагог і летуценнік: гісторыя яго жыцця…

Шмат добрых слоў давялося мне пачуць пра нашага земляка, былога загадчыка аддзела адукацыі райвыканкама Мікалая Ганчарова, таленавітага педагога, клапатлівага бацьку і мужа, цудоўнага сябра і таварыша.

Малая радзіма Мікалая Давыдавіча – вёска Валосавічы. Адсюль, ад берагоў калісьці паўнаводнай рэчкі Покаць, у пачатку лістапада 1942 года пачаўся яго жыццёвы шлях. Бацька Давыд Пракопавіч, былы франтавік, працаваў майстрам лесаўчастка, вяскоўцы паважалі яго за чалавечнасць, спагаду, чуласць да людзей, уменне прыйсці на дапамогу. Маці – Анастасія Фёдараўна – перадавая калгасніца. Калі ў 1960-м памёр муж, на яе руках засталося пяцёра дзяцей. Яшчэ зусім маладая жанчына захавала вернасць свайму Давыду, добра працавала і годна выхоўвала сыноў і дачок. А яны раслі спрытнымі і дужымі. Вось ужо яе Міколка пайшоў у першы клас. Скончыў валосавіцкую васьмігодку і атэстат аб сярэдняй адукацыі атрымаў у Нісімкавічах. «Школы ў нашай вёсцы не было, яе спалілі ў час вайны, там была нямецкая камендатура, – успамінаў потым Мікалай Давыдавіч. – Вучыліся ва ўцалелых хатах – у Лёўкавай, Самусёвай, Яўхімавай і ў Івана Калюды. Чым запомнілася школа? Строгімі настаўнікамі, якія і ў пачатку пяцідзясятых усё яшчэ хадзілі ў вайсковым адзенні…»

Мінула дзяцінства, надыйшла пара мяцежнага юнацтва. Працоўны шлях Мікалай Ганчароў пачаў падлікоўцам у саўгасе «Нісімкавічы», быў загадчыкам Валосавіцкага клуба. Хлопца моцна цягнула да ведаў, і ён паступае ў Магілёўскі дзяржаўны педагагічны інстытут. А тут армейская служба радыстам у падраздзяленнях супрацьпаветранай абароны на тэрыторыі Латвійскай ССР. Пасля дэмабілізацыі ў 1965-м працягвае вучобу ў Магілёве. З дыпломам настаўніка беларускай мовы і літаратуры вёў урокі ў засажэўскай асінаўскай васьмігодцы. Ды абставіны прымусілі адправіцца ў Латвію (дзе ўладкаваўся на фанерны завод «Лігнумс» станочнікам) і там звязаў свой лёс з прыгожай віцябчанкай Таццянай. Так сталася, што дзяўчына з Міёрскага раёна з 1963 па 1965 гады праходзіла вайсковую службу планшэтысткай у тым жа падраздзяленні, што і Мікалай Давыдавіч. Пазнаёміліся, закахаліся, а пасля распісаліся ў Рызе, дзе Таццяна працавала правадніком, затым памочнікам начальніка паштовага вагона Рыжскага аддзялення перавозкі пошты. І ўсё ж корні паклікалі дадому – маладая сям’я вярнулася ў Беларусь. Пэўны час наш зямляк выкладаў рускую, беларускую мову і літаратуру ў Буда-Кашалёўскім раёне, а з 1977 па 1986 гады ў Чачэрскім ССПТВ-54 займаў пасады ад выхавацеля да намесніка дырэктара.

Многім чачаранам запомніўся як прынцыповы і граматны загадчык аддзела адукацыі. Яго прызначэнне на гэту пасаду супала с трагічным 1986-м, калі прагрымеў ядзерны выбух на Чарнобыльскай АЭС. І праз 5 гадоў Мікалай Ганчароў з сям’ёй пераехаў у Брэст. Там і зараз жыве яго адзіны сын. Уладзімір меў намер абраць кар’еру прафесійнага ваеннага. У 1991 годзе скончыў вайсковае вучылішча ў г. Вольску Саратаўскай вобласці РФ. Аднак мара не здзейснілася – СССР распаўся і пасля двух гадоў службы афіцэрам ва Узброеных Сілах Казахстана вярнуўся на Радзіму. Скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт, зараз працуе дырэктарам прадстаўніцтва страхавой кампаніі «Прамтрансінвест».

…Мікалай Давыдавіч мог бы ганарыцца сваім сынам і ўнукам Мікітам, які гэтымі днямі праходзіць вайсковую службу ў пагранічным войску РБ. Дарэчы, хлопец скончыў Беларускі дзяржуніверсітэт фізічнай культуры па спецыяльнасці трэнер па футболе. Працаваў у структуры ФК «Дынама-Брэст» дзіцячым трэнерам (з 7 гадоў займаўся футболам, гуляў у юнацкіх камандах розных узростаў і дубліруючага складу «Дынама-Брэст» і «Іслач»). Так што, у некаторым сэнсе пайшоў па слядах дзеда, які аддаў педагагічнай дзейнасці 42 гады. Падрастае і ўнучка Дамініка, пяцігадовая дзяўчынка з ахвотай ходзіць на плаванне. На жаль, парадавацца за яе дзядуля не можа – нашага земляка не стала ў жніўні 2018-га ва ўзросце 76 гадоў.

…І сіла творчага палёту

Мікалай Давыдавіч быў апантаным чалавекам, ён запоем чытаў беларускіх, расійскіх, замежных аўтараў. Цікавіўся прозай, паэзіяй, драматургіяй, мэмуарамі. Дома ім была сабраная вялікая бібліятэка, якая і цяпер займае цэлы пакой у кватэры сына. Адметна, што Мікалай Ганчароў і сам займаўся літаратурнай дзейнасцю. З-пад яго пяра выйшаў шэраг апавяданняў, гумарэсак, успамінаў. Многія заснаваныя на рэальных падзеях і скіраваныя на нашчадкаў. Яго творы друкаваліся у раённых, абласных і рэспубліканскіх выданнях.

«Гэта быў чалавек з тонкім пачуццём гумару. Любіў спяваць, дэкламаваць вершы, расказваць вясёлыя гісторыі, – успамінае сын Уладзімір. – Пра такіх кажуць: душа кампаніі. Актыўна ўдзельнічаў у розных мерапрыемствах, канцэртах мастацкай самадзейнасці. Яшчэ ён вельмі любіў родныя Валосавічы. Амаль кожныя выхадныя надведваў сваю маці, дапамагаў па гаспадарцы. Больш за ўсё яму падабалася касіць. Уставаў вельмі рана, пакуль раса не высахла, і ішоў на сенажаць. А адпачываў на берагу рэчкі Покаць, лавіў рыбу і ракаў. Добры і безадказны тата ўмеў ладзіць з людзьмі. Вельмі пунктуальны, ніколі нідзе не спазняўся і не ўхваляў, калі гэта рабілі іншыя. Яго вельмі любілі вучні, якім ён не толькі даваў добрыя веды па сваіх прадметах, але і тонка адчуваў моманты, калі класу патрэбна была маральная разрадка, каб далей з новымі сіламі ўсвойваць вучэбны матэрыял. Нам яго так не хапае…»

Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

1 thought on “Педагог і летуценнік: гісторыя яго жыцця…

  1. У той час у Валосавічах была сямігадовая школа.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика