Гучалі віншаванні, песні і гармонік: «Лёс» адзначыў 50-годдзе

Напоўнена, хвалююча і па-сяброўску сардэчна прайшла ў Бабічах урачыстая вечарына, прысвечаная 50-годдзю заснавання народнага калектыву народнай песні, музыкі і танца «Лёс».

Артысты гурта адкрылі мерапрыемства песняй-гімнам «Мае Бабічы», якую напісаў мясцовы віртуозны гарманіст, спявак і паэт Сямён Біжуноў. З першых акордаў свята зала напоўнілася душэўным святлом, настроем і пазітывам. Прывітальны адрас ад старшыні раённага выканаўчага камітэта Юрыя Дзеркачова юбілярам зачытала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алена Кавалёва. Ганаровыя граматы ад райвыканкама за шматгадовую працу і адраджэнне нацыянальнай спадчыны яна ўручыла акампаніятару Пятру Біжунову і загадчыцы цэнтра ткацтва Людміле Міхалкоўскай. А таксама ўсяму калектыву – грашовы сертыфікат. І закруціла, зачаравала аўдыторыю эйфарыя настальгіі, таленту, музыкі і песні. Да слёз крануў сэрцы прысутных выхад на сцэну былых удзельнікаў гурта, якія сваім імпэтам і аптымізмам шмат гадоў радавалі і цешылі гледачоў. А калі ўспомнілі маладосць і заспявалі свае любімыя «Варэнікі» заснавальнік гурта Аляксей Маркоўскі і Ганна Цеплякова, калі зацягнула на поўны голас народную песню «У всех мужья молодые» Ганна Гапеенка, здалося, час павярнуў назад.

Авацыі і крыкі «брава» не сціхалі ўвесь вечар. Павіншаваць юбіляраў прыехалі іх сябры Ірына Курдзюмава, калектывы Вербіца» і «Весялуха», калегі з раённага Дома культуры. Успаміны, віншаванні, словы падзякі і канцэртныя нумары гучалі на працягу двух гадзін. Хатняя атмасфера, трапяткія пачуцці і творчае майстэрства артыстаў зрабілі свята незабыўным, натхняючым і трапяткім.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика