У ПРАЦОЎНЫМ АВАНГАРДЗЕ
Навуцы гаспадарання на зямлі механізатара КСУП “РоўкавічыАгра” Мікалая Трыпуцьку вучыць не трэба.
Ужо з ранняга ўзросту, з 17 гадоў яму добра вядомы і пах свежай раллі, і водар спелага жыта, і смак салодкай крынічнай вады ў ліпеньскую спякоту. За рулём сельскагаспадарчай тэхнікі Мікалай Васільевіч ужо больш за 20 гадоў, яго можна сустрэць у полі і на ферме, каля сіласнай ямы і на жніўных палетках. На трактары МТЗ-3022 ён выконвае шэраг земляробчых аперацый: дыскаванне, ворыва, культывацыю, унясенне мінеральных тукаў і інш. Матор яго стараннага “Беларуса” гудзе штодзень ад шасці раніцы да 22.00. Пасеяў 1640 га зерневых і травы.Узімку М.Трыпуцька вывозіць угнаенне і дастаўляе на малочна-таварныя фермы корм жывёле, рамантуе тэхніку. Але як і ва ўсіх аграрыяў – самы адказны экзамен механізатар трымае падчас уборачнай кампаніі. У гэтым годзе экіпаж яго камбайна намалаціў 1106,6 тоны збажыны. Неабыякавы, прынцыповы, дасціпны ён упэўнена лідыруе па розных відах сельскагаспадарчых работ і служыць прыкладам працоўнага запалу, гаспадарчага клопату і службовай адказнасці.