Роўкавіцкія працаўнікі стараюцца за рулём тэхнікі і на ферме
Зіма густа сыпле то снегам, то праліўным дажджом, на вуліцы холад, а на малочнатаварных фермах і мехдвары КСУП «РоўкавічыАгра» мітусліва і горача – тут кіпіць работа па вытворчасці малака, мяса і па падрыхтоўцы тэхнікі да вясны. Без старанных рук жывёлаводаў, трактарыстаў і спецыялістаў немагчыма абыйсціся ні на сяўбе, ні каля грамадскага статка, ні ў мехмайстэрні.
Добрых слоў за шматгадовую бездакорную працу заслугоўвае Мікалай Скакалаў. Механізатар 43 гады водзіць сельскагаспадарчую тэхніку. У «РоўкавічахАгра» ён больш за два дзясяткі год, на МТФ «Залаўе» вось ужо 8-мы сезон дастаўляе малочнаму пагалоўю корм, займаецца чысткай хлявоў. Летам і ўвосень яго клопат – адвозка саломы, пагрузка тукаў і іншае. На сваім МТЗ-82 мужчына то тут, то там – усюды, куды пакліча абавязак. Акуратны, вопытны і спагадлівы – так яго характарызуе адміністрацыя гаспадаркі.
Чалавек, які прывязаны да зямлі і з лёгкасцю ставіцца да сельскага жыцця – менавіта так гавораць калегі пра жывёлавода МТФ «Роўкавічы» Мікалая Лабачова. Амаль пяць гадоў мужчына штодзень завіхаецца каля рагуль. Спраў і турбот у адказнага працаўніка шмат: каб надоі і прывагі ў сяльгаспрадпрыемстве мелі станоўчыя вынікі, трэба пільна сачыць і за кармавой базай, і за ўмовамі ўтрымання. Каб на стале ў буронак усяго было даволі, подсціл быў сухім, а сама жывёла адчувала сябе добра, мужчына за дзень накручвае нагамі па хлеве не адзін кіламетр. Зрэшты, як і заўсёды. Але асаблівых цяжкасцей Мікалай Уладзіміравіч не адчувае. Бо, як сам прызнаецца, ён чалавек вясковы і шмат у чым просты, да ўсяго звыклы і цяжкасці яго не палохаюць. Адразу пасля заканчэння школы юнаком прыйшоў у гаспадарку, адсюль жа яго праводзілі ў армію. Аддаўшы свой воінскі абавязак, Мікалай Лабачоў вярнуўся на малую радзіму і больш ніколі з ёй не развітваўся: 22 гады кожную ўборачную кампанію садзіўся за штурвал камбайна, а ўзімку – у турботах на ферме. Зараз яго будні насычаны цёплымі зносінамі з рагатымі падапечнымі. Бо без пяшчоты з жывёлай нельга, яна адчувае, як ты да яе ставішся, і спяшаецца аддзячыць тым жа. За плённую справу і адказныя адносіны да сваіх абавязкаў жывёлавод неаднойчы прымаў узнагароды. Вось і сёлетняе падвядзенне вынікаў у раёне не абыйшлося без яго ўдзелу. Калі душа ляжыць да таго, што робіш, то ўсё абавязкова складзецца, упэўнены працаўнік.
Жывёлавод па догляду за пагалоўем перадзлучнага і злучнага перыяду Тамара Ключынская 13 гадоў працавала ў гандлі, яшчэ 12 – даіла кароў. І ўжо 3 гады строга па распарадку ходзіць на залаўскую ферму. Тут яе штодзень з нецярпеннем чакаюць 108 галодных сімпатычных мордачак. «Я шкадую кожную цялушку, яны ж такія бездапаможныя, – гаворыць Тамара Мікалаеўна, а ў самой на вачах заблішчэлі слёзы. – Ці то мароз, ці завея, бягу да іх, бо жывёла ж хоча есці. Сачу, каб усім хапіла сіласу і камбікорму, былі соль і вада. Забяспечваю сухім подсцілам. Здаровы статак – гэта і малако, і смятанка, і масла на нашым стале».
Яе калега, даглядчык Віктар Прыступа, можа даць фору любому ў сваёй прафесіі. Ён сапраўдны рулявы ў калектыве і дбайны гаспадар каля групы кароў. Усе 112 рагуль пазнаюць свайго карміцеля яшчэ здалёк, адгукваюцца на яго голас і з радасцю цягнуцца да рук жывёлавода. За 10 гадоў ён асвоіў тэхніку ўтрымання БРЖ і вывучыў характар рагатага статка. А вялікага сакрэту тут няма: галоўнае, добрасумленна выконваць службовыя абавязкі і шчыра аддавацца рабоце. Узімку – насыціць пагалоўе заквашаным кормам, а летам Віктар выпасае падапечных на зялёнай траўцы. Здаецца, толькі і ўсяго, але за гэтым крыецца адказнасць, дысцыпліна, турботы, насычаныя будні і чалавечая неабыякавасць.
Задачы слесара 3-га разраду Сяргея Панасенкі – рамонт і абслугоўванне тэхнікі і сельскагаспадарчых машын. Ад таго, наколькі якасна будуць падрыхтаваны трактары і ўвесь камплект прычапных і навясных агрэгатаў, залежыць тэмп пасяўной, уборачнай і ў цэлым работа на сенажацях і жытнёвых палетках гаспадаркі. У «РоўкавічахАгра» заручаюцца яго дапамогай і падтрымкай ужо 15 гадоў. Калі было трэба, поруч з былым перадавіком Мікалаем Трыпуцькам шчыраваў на жніве зерневых. Да вясковай працы яму не прывыкаць. Бацька Аляксей Барысавіч усё жыццё гаспадарыць на зямлі, навучыў таму і Сяргея. Маці Алена Мікалаеўна працуе аператарам на мясцовым свінакомплексе. Бацькі добра выхавалі сына, які ні ў чым не падводзіць ні іх, ні сваіх таварышаў. А людзі – самы бясцэнны скарб любога калектыву.