Отарскія жывёлаводы Іван Макееў і Наталля Лімантава ў любімую работу ўкладваюць не толькі старанні, але і душу

Фото из архива.

У жывёлавода отарскага малочна-таварнага комплексу Івана Макеева працоўны дзень пачынаецца а палове чацвёртай гадзіны раніцы.

На ферме яго з нецярпеннем чакаюць больш за 300 галоў жывёлы – сухастойны статак, цялушкі і сцельнае пагалоўе, якое ўтрымліваецца ў двух жывёлаводчых памяшканнях. Працоўны вытворчы клопат Івана Леанідавіча вельмі насычаны: як след пачысціць кармавы стол і пакласці на яго буронкам досы сакавітага сіласу, сена і мукі, падаслаць мяккай сухой саломы, напаіць і выгуляць жывёлу на свежым паветры.

На гэтыя турботы ў стараннага жывёлавода затрачваецца шмат часу, і дадому ён вяртаецца ўжо на прыцемку. Аднак да цяжкасцей яму не прывыкаць. Даглядчык за гэтай карпатлівай вясковай справай 40 гадоў, яшчэ калі жыў у Прычалесні, вырошчваў батвінаўскіх бычкоў і цялушак. А з 2015 года, як падчас пажару згарэла яго хата і ўся маёмасць, пераехаў на Отар разам з жонкай Таццянай. Дарэчы, жанчына ўжо на пенсіі і цяпер штодзень дапамагае мужу «хадзіць» за рагатым грамадскім статкам. Удваіх і лягчэй, і значна весялей вырашаць вытворчыя пытанні. Хаця па-добраму можна пазайздросціць і працоўнай хватцы, і ўзнёсламу настрою Івана Леанідавіча. Ён заўсёды бадзёры, пазітыўны і жвавы, а гэта спрыяе яго няпростай жывёлаводчай прафесіі.

На плячах Наталлі Лімантавай таксама вялікая колькасць гадаванцаў: малых цялушак ва ўзросце ад 6 месяцаў да года плюс сцельнае пагалоўе – цэлая рота, звыш 400 галоў. Першае кармленне – у 7 гадзін раніцы. Днём буйны рагаты скот падсілкоўваецца мукой, а вечарам жывёла зноў забяспечваецца новай порцыяй грубага і сакавітага корму. І, канешне ж, заўсёды ў дастатковым запасе – пяшчота і хваляванні жаночага сэрца. Бо без належнага догляду, строгай дысцыпліны і адказнасці за даручаную справу па ўзнаўленні дойнага статка не абыйсціся. Менавіта ад таго, як растуць і дужэюць яе рабыя цялушкі, залежыць, наколькі паспяховымі будуць расцёлы і высокімі надоі. Да кожнай скацінкі Наталля Пятроўна ставіцца, як да ўласнай – максімум цеплыні і ўвагі, поўны рацыён харчавання, утульнасць і парадак у жывёлаводчых памяшканнях.

В.БАГДАНОВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика