На батвінаўскай ферме працуюць жывёлаводы на дарошчванні Анатоль Музычэнка і Алена Ліванская
На батвінаўскай ферме ад цёмнага да цёмнага ідзе працоўны працэс па вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі.
Каля домікаў халоднага вырошчвання звыкла грукаюць вёдры, шапаціць салома і, сустракаючы сваіх карміцеляў, задаволена віляюць хвастамі малыя цяляткі ва ўзросце да трох месяцаў. Малых і кволых іх забіраюць пад сваё крыло жывёлаводы на дарошчванні Анатоль Музычэнка і Алена Ліванская. Абодва пасялілся ў Батвінава ў канцы 1980-х і з таго дня працуюць у галіне жывёлагадоўлі.
Анатоль Валянцінавіч прыехаў з Брагінскага раёна, 15 гадоў даглядаў статак быкоў на адкорме і ўжо 22 – на цялятах. Дапамагае мужу завіхацца каля групы малышоў ад 50 да 70 галоў жонка Валянціна, якая ўжо на пенсіі. Удваіх лягчэй спраўляцца з пастаўленымі задачамі, ды і весялей «хадзіць» за гарэзлівым пагалоўем, якое дае ў сярэднім 700-800 грамаў прывагі ў месяц.
У Алены Ліванскай да маладняку свой асаблівы жаночы падыход, з любоўю і пяшчотай.
«Яны ж, як малыя дзеткі, патрабуюць увагі і клопату, – усміхаецца яна і пагладжвае цяляці па шэрстцы. – А ёсць і такія, каму трэба і палку паказаць, каб слухаліся. Растуць няблага, не хварэюць. Яны ж у нас загартаваныя. Вунь тая цёлачка крыху пужлівая, хаваецца ў доміку. А гэты рыжэнькі бычок, паглядзіце, які высокі і доўгі. Аднак вагу набірае слаба. Усе яны для мяне дарагія, усіх аднолькава шкадую».
Трэба сказаць, Алена Уладзіміраўна – сапраўдная гаспадыня, і яе сям’я самая што ні на ёсць сялянская – муж Сяргей і сын Уладзімір працуюць у сяльгаспрадпрыемстве механізатарамі. Дзве дачкі таксама жывуць побач. А калі родныя непадалёк, душа ў матулі на месцы і да работы ёсць жаданне.