Жаночы лёс Надзеі Чарнянковай: вайна пакінула ў душы халодны след
Жаночы лёс Надзеі Ягораўны Чарнянковай з Чырвонага Берага наскрозь прасечаны кулямі і апалены полымем пажару вайны.
Жыхары Скартыні Кармянскага раёна з жахам чакалі прыходу немцаў. Маліліся Богу і бацькі Надзеі, са страхам пазіраючы ў неба, адкуль сыпаліся бомбы. Ад абстрэлаў і бамбёжак скартынцы схаваліся ў лесе, але ад вайны не ўцекці. Вярнуўшыся дадому, вяскоўцы ў роспачы развялі рукамі – па дварах ужо хадзілі і рабавалі маёмасць немцы. А потым усё насельніцтва сабралі разам і пагналі абозам у Няметчыну. Першы прыпынак зрабілі ў Меркулавічах, людзей загналі ў гумно. Думалі – тут ім канец, спаляць усіх у агульным агні. Аднак, абышлося. У вёсцы Царкоўе Буда-Кашалёўскага раёна калону зноў спынілі на начлег. Маці Надзеі Ягораўны з дзецьмі цудам удалося збегчы.
У падполлі адной хаты чакалі, пакуль ворагі пойдуць з вёскі, і потымі пашыбавалі дадому. А на дарозе – міна на міне. Але калі адна бяда мінавала, наперадзе чакала другая – голад, разруха і смерць маці. На руках 13-гадовай дзяўчынкі засталіся чатырохгадовы брацік Ваня і шасцімесячная сястрычка, якая потым вырасла на яе руках. Каб дзяцей на забралі ў дзіцячы дом, клапацілася пра сірот суседка цётка Малання. А тут і бацька вярнуўся з фронту. Ажаніўся другі раз,
і сям’я яшчэ памножылася дзецьмі.
«Бедна жылі, скупа, есці не хапала, – успамінае жанчына. – Пяклі хлеб з жалудоў і канаплі, збіралі шчаўе. Ды так і жылі».
Калі крыху падрасла, малодзенькая Надзя адправілася шукаць лепшай долі ў Гомель. Там вышла замуж і зноў вярнулася на вотчыну. Уладкавалася ў сталовую Чырвонага Берага, мыла посуд, прадавала піва. Потым 10 гадоў працавала на пілараме і яшчэ 22 без выхадных і святаў на адкорме свіней. Нарадзіла 5 дочак і сына. Узнагароджана медалём Мацярынства і ветэрана працы, двума «За трудовое отличие» і двума нагруднымі знакамі пераможцы сацспаборніцтва. Мае 18 унукаў, ёсць праўнукі.
Здаецца, трэба было б радавацца такому багатаму роду. Але на яе вачах – слёзы: пахавала мужа, зяця, 30-гадовага ўнука, дачку. І ўсё ж жыццё працягваецца, і ў ім ёсць месца хвілінам радасці. І гэту радасць з ёй падзяляюць родныя і блізкія людзі.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.