КОЖНЫ ДЗЕНЬ З РОДНАЙ МОВАЙ
Тыдзень беларускай мовы і літаратуры “Жывая спадчына” адбыўся ў СШ №1 г.Чачэрска. Выкладчыца Галіна Нажэева разам з калегамі падрыхтавалі шэраг мерапрыемстваў для вучняў разных узростаў і чарговы раз нагадалі аб каштоўнасцях нашай зямлі. Кожны дзень быў насычаны. У панядзелак Галіна Мікалаеўна запрасіла старшакласнікаў у віртуальнае наведванне мастацкай галерэі “Сустрэча з беларускім жывапісам”. Кабінет інфарматыкі ператварыўся амаль што ў музей: паўставалі зімовыя карціны са ўсёй прыгажосцю нашай прыроды, непаўторныя пейзажы з вялізнымі снежнымі гурбамі. Цікава было даведацца пра творчасць Вітольда Бялыніцкага-Біруля, які ў гісторыю рускага і беларускага мастацтва канца XIX – першай паловы ХХ ст. увайшоў як прадаўжальнік традыцыі рэалізму, майстар лірычнага пейзажа. У аўторак у саміх вучняў была магчымасць адчуць сябе творцамі і абараніць праекты “Я родным краем ганаруся”. У наступны дзень сямікласнікі змагаліся ў інтэлектуальна-пазнавальнай праграме “Сем цудаў Беларусі”, дзе паказалі свае веды культурнай спадчыны: слуцкія паясы, крыж Ефрасінні Полацкай і іншыя аб’екты добра вядомыя падлеткам. Чацвер выдаўся самым актыўным, даў волю фантазіі і майстэрству, а ў выніку навучальныя кабінеты пераўтварыліся да Новага года. Завяршальным мерапрыемствам стала сустрэча з журналістам раённай газеты “Чачэрскі веснік”. Гаворка шла аб асаблівасцях прафесіі і найбольш актуальных тэмах, якія абмяркоўваюцца на старонках выдання. Школьнікаў цікавіла, ці магчыма надрукавіць у газеце іх творчыя работы і фотаздымкі. Адказ станоўчы – чакаем новых цікавых юных аўтараў.
Завяршаюцца заняткі. І дома, на жаль, размаўляюць па-беларуску нямногія. А наведваючы працоўныя калектывы, журналістам даводзіцца чуць, што хтосці ўвогуле не разумее мовы Я.Коласа і Я.Купалы. Што гэта, паважаныя землякі? Няўжо самая дарагая спадчына, якую часам цаной уласнага жыцця захоўвалі нашы продкі, сёння патрэбна адзінкам? Вельмі не хочацца ў гэта верыць.