На зялёным жніве Чачэршчыны: ад якасці нарыхтоўкі кармоў залежыць сытая зімоўка

Аляксандр Белькін, Мікалай Коцікаў і Юрый Дамасканаў.

У раёне поўным ходам ідзе касавіца. Першымі прыняліся за нарыхтоўку кармоў для статка ў сяльгаспрадпрыемствах «РоўкавічыАгра», «Отар», «Батвінава» і «Вазнясенск».

Па інфармацыі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама, на зялёным жніве гаспадаркам Чачэршчыны трэба падрыхтаваць 8 100 тон сена і 47 200 тон сенажу. Папаўняючы запасы духмянай ежы для жывёлы на зіму, старанныя, вопытныя отарскія механізатары Аляксандр Белькін і Мікалай Коцікаў упэўнена вядуць тэхніку па шырокіх палетках выспелай расліны ранніх сартоў. Густая сцяна іжы лёгка і пакорліва паддаецца нажам прычапных агрэгатаў.

Следам за імі кладзе на зямлю роўныя пакосы травы аграрый з «МатнявічыАгра» Юрый Дамасканаў. Нядаўна гэта сяльгаспрадпрыемства ўзяла пад сваё моцнае гаспадарскае крыло дырэктар ААТ «Отар» Таццяна Струк. Цяпер хлебаробы шчыруюць на карысць абодвух прадпрыемстваў дружна, разам, плячом да пляча. На пытанне, як працуецца пад началам новага кіраўніка, Юрый усміхнуўся і адказаў: «Як і трэба быць. Усё залежыць ад уласных адносін да справы. Калі пастараешся, то і начальства будзе задаволена, і самому клопаты ў радасць. А для работы калектыву створаны ўсе неабходныя ўмовы: у наяўнасці добрая тэхніка і запас гаруча-змазачных матэрыялаў, спецадзенне, людзі забяспечаны двухразовым харчаваннем. Адным словам, досыць усяго, што спрыяе якаснаму выкананню вытворчых задач».

Нарыхтоўка кармоў – гэта адно з галоўных звенняў тэхналагічнага ланцуга правільнай і эфектыўнай жывёлагадоўлі. Травы – значыць вялікае малако, а малако прыносіць у казну штодзённае ўліванне грошай. А грошы ж, вядома, гэта і запчасткі, і паліва, і насенне, і стабільны гарантаваны заробак. Таму важна прытрымлівацца строгай тэхналогіі сушкі расліны. Каб зберагчы яе якасныя паказчыкі, старанна працуе на трактары з варушылкай Андрэй Буракоў. Вопыту і механізатарскіх навыкаў яму не займаць, на зялёным жніве ён не навічок, у перадавіках вытворчасці на вясенне-палявых работах яго прозвішча фігурыруе штогод. Вось і сёлета аграрый з вялікім стажам за рулём калёснага трактара паказвае прыклад, спрыт і адказнасць.

Сонечнае надвор’е і няспынны гук матораў садзейнічаюць важнаму сельскагаспадарчаму працэсу. Гектар за гектарам, і ўсё бліжэй да завяршэння сезон касавіцы. Так дружна і арганізавана шчыруюць на лугавых угоддзях аграрыі «Отара» – адной з вядучых гаспадарак чачэрскага краю.

В.БАГДАНОВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика