Чачэрскія меліяратары паляпшаюць урадлівасць палеткаў

Іван Паўлюкоў і Віталь Бублікаў.

Абнаўленне зямлі і яе адраджэнне, падтрыманне воднага, паветранага, цеплавога і пажыўнага рэжыму глебы для лясоў і сельскагаспадарчых раслін – турботы работнікаў меліярацыі, якія сёння адзначаюць сваё прафесійнае свята.

На ахове і абслугоўванні меліяратыўных сістэм і збудаванняў прадпрыемства «Чачэрскае ПМС» працуе 28 чалавек. Многія з іх паказваюць прыклад стараннасці і перадавога вопыту. Вадзіцель 2-га класа Віталь Бублікаў у галіне дзясяты сезон, а яго агульны вадзіцельскі і механізатарскі стаж – 35 гадоў. На магутным МАЗе з прычэпам Віталь Аляксандравіч дастаўляе на аб’екты меліярацыі пясок, шчэбень і ўсё неабходнае для работы. Таксама займаецца перавозкай тукаў, даламітавай мукі і іншых грузаў па гаспадарках нашага і суседняга Кармянскага раёнаў. Работа за рулём патрабуе ўважлівасці і адказнасці, бо на дарозе без гэтых станоўчых якасцей немагчыма. У Віталя Бублікава дастаткова прафесійных навыкаў і працоўнай дысцыпліны, а гэта – галоўная ўмова якаснага выканання пастаўленых вытворчых задач.

Не менш рупліва адносіцца да службовых абавязкаў і рабочы брыгады Іван Паўлюкоў, які ў галіне звыш 10 гадоў. Яму не ў навіну функцыі чалавека, заклапочанага павелічэннем плошчы ўрадлівых ворных угоддзяў і павышэннем іх прадуктыўнасці. Штодзень на меліяратыўных плошчах ён заняты на ўкладцы дрэнажу, ажыццяўляе абкос меліяратыўных каналаў ад пустазелля і кустоўя, займаецца рамонтам і тэхнічным абслугоўваннем мастоў, шлюзаў, насосных станцый і іншага абсталявання.

Дружная каманда ПМС дапамагае зямлі заіграць новымі фарбамі жыцця, каб на яе ўрадлівай глебе замест дрыгвы закаласавала цяжкое спелае калоссе ці густы зялёны гай.

В.БАГДАНОВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика