Задача нумар адзін – нарыхтоўка травянога корму
Працаўнікі вёскі працягваюць назапашваць травы першага ўкосу. Гэтай важнай справай заняты і ў роўкавіцкім сяльгаспрадпрыемстве. Трэба накасіць і пакласці ў запаснікі 4100 га сенажу з бабовазлакавых сумесяў.
Па гектарах з канюшынай і люцэрнай, якую абгрунтавана называюць расліннай культурай нумар адзін, вядзе свой трактар Артур Азаранка. Механізатар з 17-гадовым стажам саграбае ў валкі падвяленыя гарачым сонейкам пакосы. За граблямі-варушылкай рухаецца рулонны прэс-падборшчык, за рулём якога Віктар Усаў. Катушкі з сенажом кладуцца адзін за другім на шырокім палетку, а Віктар Уладзіміравіч радуецца якасна пройдзеным апрацаваным метрам зеляніны – яшчэ адзін рулон у скарбонку да зімова-стойлавага перыяду. У галіне сельскай гаспадаркі мужчына 34 гады. Жыве ў Рагіні БудаКашалёўскага раёна, на работу ў «РоўкавічыАгра» ўладкаваўся два гады назад і, як сцвярджае сам вясковец, працаваць у роўкавіцкім калектыве яму падабаецца.
Ёсць паразуменне і з кіраўніком сяльгаспрадпрыемства Уладзімірам Блатуном, які душой хварэе за тое, каб гаспадарка мела добры прыбытак, стабільны фінансавы падмурак і гарантаваную магчымасць павышэння агульнага дабрабыту.