Назначыць лячэнне, зрабіць прышчэпкі ці прыняць роды – штодзённыя клопаты ветурача Сяргея Шыцікава

Ветэрынарны ўрач фермы «Залаўе» сельгаспрадпрыемства «РоўкавічыАгра» Сяргей Шыцікаў прытрымліваецца першачарговых прынцыпаў у рабоце з пагалоўем – толькі ў здаровай жывёлы можа быць добры апетыт, ад чаго залежаць станоўчыя паказчыкі па малочнай прадуктыўнасці кароў і прывагах маладняку. За 42 гады бесперапыннага стажу спецыяліст пры першым аналізе сімптомаў захворвання можа сказаць, у чым прычына дрэннага самаадчування буронак.

Першым крокам у прафесію было накіраванне ў Гродненскую вобласць пасля заканчэння Віцебскага ветэрынарнага інстытута. Адпрацаваўшы там 5 гадоў, Сяргей Яўгенавіч вярнуўся на малую радзіму. На залаўскай ферме, якая тады ўваходзіла ў склад калгаса імя Леніна, пад яго апекай знаходзілася звыш 800 галоў мясной пароды. Затым Сяргея Шыцікава запрасілі ў калгас «Сцяг камунізму», дзе ён 12 гадоў займаў пасаду заатэхніка і паралельна «хадзіў» за бычкамі і цялушкамі. Пэўны час працаваў урачом-гінеколагам у райветстанцыі.

А сёння яго працоўная сцяжынка зноў пралягла на Залаўе. Каля 700 буронак і маладняку ва ўзросце ад нуля да 7 месяцаў патрабуюць пільнага абыходжання і штодзённай увагі. Неабходна пацікавіцца рацыёнам харчавання і санітарнымі ўмовамі ў вытворчых памяшканнях, правесці жывёле прышчэпкі ад сальманелёзу, сібірскай язвы, шаленства, стрыгучага лішаю і інш. Таксама ў яго абавязках кантроль за цельнай групай кароў і, калі спатрэбіцца, прыём родаў. У яго практыцы здараліся і цяжкія ацёлы. Калі ж нараджаецца двойня – асабліва хвалююча і прыемна.

Прафесійныя навыкі і накоплены вопыт дазваляюць Сяргею Яўгенавічу якасна выконваць сваю работу, а грамадскаму статку адчуваць штодзённы клопат і належнае ветэрынарнае абслугоўванне.

В.БАГДАНОВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика