Надзея і будучае беларускай вёскі – маладыя спецыялісты

Уладзімір Назаранка.

Стабільная работа і перспектыўнае развіццё сельскай гаспадаркі немагчыма без улівання маладых, поўных працоўнага азарту і сіл таленавітых, адораных спецыялістаў. У сяльгаспрадпрыемстве «Отар» склаўся такі вялікі згуртаваны калектыў.

Угаспадарцы няма другасных вытворчых пытанняў. Усё важна, першачаргова і неабходна. Але найбольшага і штодзённага клопату патрабуе жывёла. За здароўем грамадскага статка сочаць спецыялісты ветэрынарнага профілю.

На отарскай ферме да кожнай рагуні з увагай і пяшчотай ставіцца ветурач Уладзімір Назаранка. Прафесію выбраў невыпадкова, бо любоў да хатняй жывёлы ураджэнец Гомеля выхаваў з дзяцінства. Скончыў Рэчыцкі дзяржаўны аграрны каледж, год назад па ўласным жаданні ўладкаваўся ў отарскую гаспадарку і паралельна папаўняе веды на завочным аддзяленні Рэчыцкага філіяла Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. «Я шкадую буронак і раздаю ім прозвішчы, – усміхаецца Уладзімір. – Напрыклад, Муха ці Ночка. А ў Рамашкі былі складаныя роды, я доўга яе выходжваў. Цяпер яна пазнае мяне здалёк». Штодзённы агляд, прафілактыка захворванняў і лячэнне жывёлы па душы маладому спецыялісту. Значыць, у грамадскага статка ёсць надзейная гарантыя на прадуктыўнае даўгалецце і здаровае папаўненне.

Ягор Новікаў.

Не менш адказна і сумленна адносіцца да службовых абавязкаў ветэрынарны фельчар Ягор Новікаў. На яго плячах – станоўчы стан і добры апетыт звыш 2 тысяч галоў буйной рагатай жывёлы на сапрыцкай МТФ. Бычкі, цялушкі, дойная група і маладняк у доміках халоднага вырошчвання пад пастаянным ветэрынарным доглядам, ажыццяўляецца прафілактыка ад рэспіраторных і вірусных інфекцый, мастытаў і гінекалагічных захворванняў. Гэтымі днямі праводзіцца вакцынацыя малых падапечных. Адметна, што Ягор прыйшоў на ферму следам за маці – Наталля Мікалаеўна доўгі час працавала тут даяркай. Цяпер яе сын шчыруе на карысць сяльгаспрадпрыемства і раёна, каб прывагі БРЖ былі важкімі, а надоі высокімі. Павышаючы кваліфікацыю і намерваючыся стаць ветурачом, Ягор Новікаў вучыцца на завочным аддзяленні таго ж філіяла, што і яго калега Уладзімір Назаранка.

Васіль Грамыка.

Упраўляючы жывёлагадоўчым комплексам «Отар» Васіль Грамыка нясе адказнасць за арганізацыю бесперапыннага цыклу шматлікіх гаспадарскіх аперацый на даручаным яму ўчастку. Калектыў колькасцю амаль 70 чалавек, пачынаючы ад вартаўніка да аператара машыннага даення, падпарадкаваны яго пільнаму кантролю ў рухавіку стабільнай работы і ўдасканаленні галіны жывёлагадоўлі. На ферме звыш 4 тысяч галоў БРЖ, гэта своеасаблівы «міні-завод» па вытворчасці малочнай і мясной прадукцыі. Важна не толькі ў тэрмін і досыць накарміць жывёлу, але і падтрымліваць у памяшканнях і на прылягаючай тэрыторыі санітарыю, не дапусціць непрадукцыйнага выбыцця пагалоўя, прытрымлівацца збалансаванага рацыёна харчавання рагуль і цяляці. Да таго ж трэба мець тактычнасць і індывідуальны падыход да членаў калектыву. Для гэтага кіраўніку сярэдняга звяна неабходна валодаць лідарскімі задаткамі, каб выстройваць адносіны і наладжваць кантакт паміж людзьмі. За час вучобы ў Горацкай сяльгасакадэміі і за 4 гады знаходжання ў сяльгаспрадпрыемстве, у тым ліку на пасадзе намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце, вопыт і практыка ў Васіля Васільевіча назапашаны дастатковыя.

Аляксандр Кранцэвіч.

Уменне размаўляць, упэўніваць і весці за сабой падначаленых выхоўвае ў сабе і брыгадзір паляводчай брыгады Аляксандр Кранцэвіч. Хоць малады спецыяліст яшчэ толькі пачынае крокі ў прафесію – усяго другі год на «сваім хлебе», аднак людзі да яго прыслухоўваюцца. З Магілёўшчыны ў раён трапіў па размеркаванні. Цікава, што Саша пайшоў па бацькавых слядах, які таксама працаваў у галіне сельскай гаспадаркі, быў кіраўніком і пажадаў, каб і сын душой і сэрцам прырос да зямлі. Так і здарылася. Пад началам брыгадзіра 8 паляводаў. Яны задзейнічаны на міжвідавой праполцы зерневых і іншых раслінных культур, падрыхтоўцы сіласных ям да закладкі кармоў, а таксама іх чакаюць там, дзе патрэбны мазольныя і старанныя працоўныя рукі.

Уладзіслаў Хрысцін.

Тэхнік-электрык Уладзіслаў Хрысцін вярнуўся на малую радзіму пасля арміі, перад гэтым атрымаўшы адукацыю па мэтавым накіраванні ў БудаКашалёўскім аграрна-тэхнічным каледжы. Сёння ён студэнт завочнага навучання Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта. Прызнаецца, што падабаецца перабіраць правады, злучаць клемы і кантакты. Адказвае за спраўнасць электраабсталявання і прыбораў на ўсіх сяльгасаб’ектах. Хлопец мяркуе развівацца надалей, каб стаць высокакваліфікаваным і граматным спецыялістам і быць карысным роднай гаспадарцы.

Андрэй Матылькоў.

Мае навыкі і вопыт работы з элекрычнасцю і інжынерэлектрык Андрэй Матылькоў. На Чачэршчыну трапіў пасля заканчэння вышэйшай навучальнай установы і ўжо тут адточвае прафесійныя здольнасці. Бесперабойнасць работы даільнамалочных блокаў, прыбораў асвятлення і гноюачышчальнікаў, падрыхтоўка зернесушыльнага комплексу да прыёмкі збожжа, плюс бягучыя працаёмкія працэсы – невялікая частка яго галоўных клопатаў. Але задачы па плячы, усё выконваецца якасна, аператыўна і з настроем.

Вікторыя Астрэйка.

Сярод гэтай моцнай мужчынскай паловы маладых спецыялістаў прывабная і стромкая галоўны бухгалтар Вікторыя Астрэйка. Усё, што звязана з фарміраваннем бухгалтарскага ўліку і справаздачамі, банкаўскімі аперацыямі, выплатай заробку і падаткаў падпарадкуецца яе ўмелым рукам і маладой хватцы. Бабруйская дзяўчына грунтоўна замацавалася на чачэрскай зямлі, палюбіла гэты край і сустрэла тут сваё жаночае шчасце. У планах Вікторыі застацца ў «Отары» яшчэ як мінімум на 2 гады. У перспектыве – сямейны шлюб і ключы ад новай кватэры.

– Гэта цудоўна, што маладыя людзі едуць у вёску і пускаюць тут карані, – дае адзнаку прафесійнаму выбару юнай змены дырэктар гаспадаркі Таццяна Струк. – Працаваць на зямлі павінны ўлюблёныя ў яе і адданыя сваёй справе людзі. У маладых спецыялістаў маюцца ўсе якасці і магчымасці быць тут гаспадарамі. За імі дабрабыт і фінансавая сіла краіны, жыццё і будучае сяла. Я дзячу ўсім спецыялістам гаспадаркі за іх старанне, талент і добрасумленнасць. Спадзяюся, што тут яны атрымаюць не толькі якасныя практычныя веды, але і знойдуць сваю другую малую радзіму.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика