Радкі яго жыцця

IMG_1815
Ураджэнцам чачэрскай зямлі Уладзімірам Пернікавым землякі могуць ганарыцца ў поўнай меры. Выдатнік друку чвэрць стагоддзя аддаў працы на пасадзе ўласнага карэспандэнта газеты ”Звязда”. А стартаваў газетчык з 40-гадовым стажам адсюль, з чачэрскага краю.
Нарадзіўся Уладзімір Рыгоравіч у Чачэрску, на так званым Ганнаполлі ў 1939 годзе. У сям’і акрамя яго выхоўвалася яшчэ шасцёра дзяцей. Бацька працаваў загадчыкам склада нарыхтроўчай канторы, а калі пачалася вайна, яму далі бронь і накіравалі ў засажэўе нарыхтоўваць збажыну. Вярнуўся дадому, калі ўжо горад занялі немцы. Пад пагрозай смерці, Рыгора Андрэевіча прымусілі працаваць на новую ўладу. Але паралельна ён  дапамагаў партызанам. А каб засцерагчы ад пакарання ў выпадку правала, у хуткім часе пераправіў жонку і дзяцей у в.Фундамінка Буда-Кашалёўскага раёна. Пасля ваяваў на фронце, атрымаў раненне. Калі фашысты напалі на СССР, малому Воўчыку было ўсяго два гадкі. Ён падрастаў, і ў памяці добра засталіся пэўныя моманты жыцця ў акупацыі: візіты партызан, гушканне на руках немцаў, як яго малога пасадзілі ў ступу, калі народныя мсціўцы наведаліся за харчам, каб не блытаўся пад нагамі. За тое, што бегаў з голым задам, пасвячы кароў у лесе,  яго празвалі Бясштаннікам. Вярнуўшыся ў Чачэрск, сям’я Пернікавых пасялілася ў дзеда, бо хату спалілі ворагі. Прыйшла Перамога. У 1956 годзе Уладзімір Рыгоравіч атрымаў атэстат аб сярэдняй адукацыі. Добра памятае класнага кіраўніка Валянціну Ліпчанскую, настаўніцу матэматыкі Вольгу Ермакову, фізіка Івана Гарбачова, хіміка Барыса Фаермана, гісторыка Уладзіміра Новікава, выкладчыцу беларускай мовы і літаратуры Фаіну Левіну, настаўніка геаграфіі Маісея Кадзіна. Пасля школы хацеў паехаць па камсамольскай пуцёўцы на Далёкі Усход, але перадумаў і падаў дакументы ў Гомельскі педагагічны інстытут на гістарычны факультэт, прайшоў конкурс з 8,5 чалавекі на месца і стаў адным з тых 19 студэнтаў з 25-ці, якія дайшлі да канца вучобы, бо ўжо на другім курсе факультэт ператварыўся ў гісторыка-філалагічны з дадатковай спецыялізацыяй “Беларуская мова і літаратура“, у выніку чаго шэсць студэнтаў “адсеяліся“. Па накіраванню працаваў два гады на Віцебшчыне, выкладаў у васьмігодцы фізкультуру, нямецкую, беларускую мову і літаратуру. Прыроджаны талент журналіста прымушаў брацца за пяро і пісаць артыкулы, фельетоны, замалёўкі для абласной  газеты “Гомельская праўда“, калі вярнуўся на Гомельшчыну.  Гэта і паслужыла таму, што ў 1969 годзе Уладзіміру Рыгоравічу прапанавалі заняць вакансію літсупрацоўніка абласнога выдання. Працаваў уласным карэспандэнтам, загадчыкам аддзела прамысловасці, будаўніцтва і транспарту, узначальваў аддзел будаўніцтва. “Шчыра скажу – было цяжка, – прызнаецца выдатнік друку. – Толькі калі ўзяўся за гуж… Налёг на самаадукацыю, каб арыентавацца ў перыпетыях вытворчых праблем і няўвязак… Шмат чаго карыснага і павучальнага назапасіў за той час работы…”. Дзень за днём спасцігаліся нюансы “журналісцкага хлеба”, адбываўся творчы рост, адшліфоўваліся газетныя жанры і набываліся прафесійныя навыкі. І вось Уладзіміру Рыгоравічу прапануюць пасаду намесніка галоўнага рэдактара. Але ён адмовіўся, а вось быць уласным карэспандэнтам рэспубліканскай газеты “Звязда” па Гомельскай вобласці згадзіўся. Так пачаўся яго новы цікавы працоўны шлях. Пад рэпарцёрскае пяро траплялі шматлікія абласныя навіны, важныя падзеі, замалёўкі з чарнобыльскіх рэгіёнаў і іншае. Не забываўся наш зямляк наведваць і сваю малую радзіму. Працуючы як у абласным, так і ў рэспубліканскім друку, Пернікаў стараўся знайсці тэму і час, каб давесці да шырокай грамадскасці тое, чым жыве Чачэршчына. “Таму і даражу Ганаровай граматай Чачэрскага райвыканкама за актыўны творчы падыход і вялікі асабісты ўклад ва ўсебаковае асвятленне ў СМІ тэмы сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна. Памятаю, як па просьбе былога рэдактара раёнкі Віктара Саковіча ў 1970 годзе, перад спартакіядай народаў СССР, падрыхтаваў шэраг матэрыялаў пра вядомых чачэрскіх спартсменаў Уладзіміра Паплаўскага, Васіля Секунава, Міхаіла Зорына, Леаніда  Буланава, Уладзіміра Серагова, Уладзіміра Яўстраценку, – з гонарам выказваецца журналіст. – Газета затым атрымала пуцёўку ў Маскву і Саковіч даваў справаздачы   аб ходзе спаборніцтваў”. Былі аповяды аб праблемах будаўніцтва райбальніцы, працоўнай дзейнасці ПМК, інтэрв’ю са старшынёй раёна Васілём Максіменкам, рэпартаж пра будаўніцтва царквы ў Палессі, наватарскай работе Залескага сельсавета і інш. Для “Чачэрскага весніка” падрыхтаваў  матэрыялы аб вучоных, выхадцах нашага краю Сцяпане Скарапанаве, Леанідзе Талкачовым і Мікалаі Тарасенку. Нельга не закрануць і такую рысу характару Уладзіміра Рыгоравіча, як яго захапленне здаровым ладам жыцця – гадоў 15 ён маржаваў і ў любую пару года купаўся ў Сажы.
Уладзімір Рыгоравіч выйшаў на заслужаны адпачынак ва ўзросце 70 гадоў. За шматгадовую працу ён узнагароджаны медалём “За працоўную доблесць”, двума бронзавымі медалямі ВДНГ СССР, знакам “Выдатнік друку”, мае шмат Ганаровых грамат. Жыве ў Гомелі, але не губляе сувязі з сябрамі, калегамі, сваімі землякамі. І нам прыемна, што такі адораны чалавек – наш, чачэрскі. Добразычлівы і спагадлівы, няхай ён і надалей жыве ў Боскай ласцы, не губляе прагі да жыцця і захоўвае той жа аптымізм і ўзнёсласць пачуццяў.
Матэрыял падрыхтавала Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика