На роўкавіцкіх палетках маторы гудуць днём і ноччу

Уборачную кампанію хлебаробы сяльгаспрадпрыемства «РоўкавічыАгра» праводзяць пад дзяржаўным сцягам краіны, з аптымізмам, баявым задорам і добрым настроем.

Дачакаўшыся спрыяльных умоў надвор’я, згуртаваны калектыў аграрыяў дружна выводзіць тэхніку на хлебныя палеткі гаспадаркі. Адметна, што ў «РоўкавічыАгра» шчыруюць не проста вяскоўцы, а працоўныя дынастыі. Малады хлебароб Андрэй Мацкіў ужо няблага валодае ведамі работы на зямлі, два гады быў памочнікам камбайнера, а затым яму самому даверылі кіраваць гэтай магутнай зернеўборачнай тэхнікай. У падтрымку рупліваму аграрыю на спелы клін каласавых выйшаў бацька. Уладзімір Ільіч радуецца поспехам сына і адначасова за яго хвалюецца, бо ён у яго адзін і ўся любоў і клопат – пра падрастаючую змену. Мудрае слова і надзейная бацькоўская падтрымка толькі на карысць агульным клопатам.

На старэнькім, але такім вынослівым камбайне «Палессе» плячом да пляча Мікалай і Станіслаў Сапегі. Мікалай Васільевіч напрацаваў дастатковы механізатарскі вопыт на жніве, і на гэты раз вырашыў далучыць да хлебаробскай справы сына. Дарэчы, вынослівасці і цвёрдасці характару Станіславу не займаць. Хлопец шмат гадоў займаўся вольнай барацьбой і мае добрую фізічную форму. Станіслаў навучаецца ў Бабруйскім аўтатранспартным каледжы, а на лета прыехаў дадому, каб дапамагчы вяскоўцам убіраць вырашчанае. Да таго ж і зароблены ўласным стараннем рубель не будзе лішнім, частка грошай пойдзе на аплату за вучобу.

Раўненне на вопытных і масцеравітых гаспадароў хлебнай нівы трымаюць маладыя ўладары сяла. Пасля заканчэння чачэрскага дзяржаўнага прафліцэя мясцовы юнак  Кірыл Яршоў праходзіў тут вытворчую практыку і застаўся ў роднай гаспадарцы надалей адточваць механізатарскія навыкі. А зараз на адпрацоўку прыйшоў і яго аднавясковец Дзяніс Патапенка. З аптымізмам і поплеч з ранку да вечара экіпаж камбайна то на ячменным, то на пшанічным полі. Дысцыпліне і працавітай хватцы яны навучыліся ў бацькоў. Напрыклад, у Дзяніса маці Тамара Леанідаўна перадавы аператар машыннага даення, а тата – слесар. Так што моладзі ёсць з каго браць прыклад.

Бункер за бункерам духмянае і налітае сонцам золата палёў сыплецца ў кузава магутнага МАЗа, за рулём якога вадзіцель Андрэй Шамонін. Рухавы, адказны, пазітыўны і надзейны – так характарызуе работніка дырэктар гаспадаркі Уладзімір Блатун. На пасяўной, на нарыхтоўцы кармоў і ўборцы збожжа яго прозвішча ў спісе лепшых перадавікоў вытворчасці. Вось і зараз Андрэй цвёрда ўпэўнены, што стане адным з тысячнікаў раёна на адвозцы. Так яно і будзе, бо для гэтага ёсць усе падставы: на сэрцы – трывога за ўраджай, на душы – песня жніва, а ў руках – надзейны руль машыны. Мяркуюць вырвацца ў авангард каманды таксама яго калегі Сяргей Пыркоў, Васіль Ганчароў, Артур Азаранка, Андрэй Альшэўскі і іншыя.

Ціхім ходам следам за камбайнамі па пожні ходзіь трактар МТЗ-82.1 з прэс-падборшчыкам, у кабіне якога Дзяніс Патапенка. Малады механізатар толькі-толькі накоплівае неабходную прафесійную практыку, але ўжо адчуваецца яго стараннасць і шчырае жаданне праявіць сябе. За працоўны светлавы дзень Дзяніс накручвае ад 70 да 90 рулонаў саломы вагой больш за 300 кілаграмаў. Увесь прауэс важна выканаць хутка і якасна, каб затым па чыстым полі яго калегі змаглі лёгка і зладжана працаваць з дыскатарамі, рыхтуючы ўрадлівыя гектары глебы пад наступныя пасевы сельскагаспадарчых культур.

Хоць надвор’е часам сур’ёзна выпрабоўвае хлебаробаў на прафесіяналізм і трываласць, з уборкайц збожжа аграрыі мяркуюць справіцца ў тэрмін, выкарыстоўваючы для гэтага кожную спрыяльную хвіліну. Забеспячэнне харчовай бяспекі краіны – задача нумар адзін.

Сяльгаспрадпрыемству «РоўкавічыАгра» неабходна убраць 2 130 га зерневых і зернебабовых культур. Па стану на ўчарашні дзень ад пасеваў вызвалена 45 % плошчы. Ураджайнасуь складае 22, 7 цэнтнераў з гектара.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика