Сямейны экіпаж Болдыравых: у падмогу бацьку – сын

Прозвішча батвінаўскага камбайнера Юрыя Болдырава вядома ўсёй Чачэршчыне. Штогод на ўборцы зерневых старанны аграрый у лідарах па намалоце. У 2018 годзе ён быў адзначаны ганаровай узнагародай Прэзідэнта – ордэнам Айчыны ІІІ ступені з занясеннем на раённую Дошку гонару.

У сельскую гаспадарку Юрый Мікалаевіч прыйшоў па бацькавых слядах. Увесь час за рулём тэхнікі – на ворыве, вывазцы арганікі, унясенні тукаў, сяўбе і ўборцы збожжа. Сеяў па 470 гектараў культур і кожны год сярод пераможцаў працоўнага спаборніцтва на жніве. З любой тэхнікай упраўляецца спрытна, добра ведае канструкцыю і тэхналагічныя асаблівасці трактароў і камбайнаў, што спрыяе безаварыйнай і рытмічнай рабоце ўсіх вузлоў, агрэгатаў і механізмаў.

Адметна, што сёлетнюю ўборачную кампанію Юрый Мікалаевіч правёў поруч з сынам Мікалаем. Хлопец скончыў Гомельскі палітэхнічны каледж па спецыяльнасці «эканаміст па маркетынгу» і гэтым летам вырашыў дапамагчы гаспадарцы сабраць вырашчаны ўраджай. А восенню яго чакае армія. На службу Айчыне прызыўнік ідзе з жаданнем. «Пасля дэмабілізацыі планую пайсці працаваць у міліцыю, таму ваенная выпраўка і ўсе якасці сапраўднага мужчыны будуць дарэчы», – прызнаўся хлопец. Намер сына падтрымоўвае і Юрый Мікалаевіч. Ён і сам хадзіў у ваеннай форме, служыў у авіяцыі на абслугоўванні самалётаў. Лічыць, што школу мужнасці павінен прайсці кожны ваеннаабавязаны. А пакуль для Мікалая не прагучалі першыя пагукі армейскага воклічу: «Рота, пад’ём!» – добрай працоўнай падтрымкай батвінаўскаму сяльгаспрадпрыемству будуць моцныя маладыя рукі. Тым больш, што стараннасці і гаспадарскаму падыходу да вясковай справы павучыцца ёсць у каго.

Валянціна ПРАНКЕВІЧ.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика