Вольга Бялевіч і Аляксандр Шынкевіч на ачыстцы збожжа працуюць старанна
Каля высокіх сціртаў збожжа на зернетаку ў Залессі з рання да вечара шчыруюць Вольга Бялевіч і Аляксандр Шынкевіч.
Аляксандр Васільевіч – незаменны працаўнік каля ачышчальнай машыны. Рыхтуе пасяўны матэрыял, ветрыць золата палёў ад прымесяў і адпраўляе на захаванне. Калі здарыцца паломка, сам адрамантуе і прывядзе ў належны стан зернеачышчальную тэхніку. У «Звязду» прыйшоў 11 гадоў таму і паказвае прыклад дысцыпліны і адказнага падыходу да даручанай справы. Калі трэба, бярэ ў рукі трымер і абкошвае прылягаючую тэрыторыю – лепш і якасней за яго ніхто на зробіць. А потым зноў на зернеток. Разам з Вольгай Міхайлаўнай шуфлююць горы дастаўленага на перапрацоўку збожжа. А за суткі аператары КЗС прапускаюць яго праз сушыльны комплекс па 100 і болей тон. Важна, каб зерне ў высокіх сціртах не сапрэла і не перагрэлася. З мятлой і шуфелем – то тут, то там, на адгрузцы і разгрузцы ўраджаю. Удваіх працаваць лягчэй, адчуваецца і жаночая рука.
Да работы Вольга Бялявіч ставіцца сумленна. А яшчэ яна надзейны памочнік на пратручванні насення, адкрыцці сіласных ям і загрузцы зерня ў пасяўныя агрэгаты. Ураджэнка Брэстчыны прыехала ў Куклічы следам за мужам каля 20 гадоў назад, так тут і засталася. У сям’і нарадзілася 4 дачкі і сын. У гаспадарцы яе паважаюць і даручаюць важныя аб’екты работы.
На сёння галоўная задача руплівых паляводаў – у тэрмін ачысціць і прасушыць каштоўны здабытак хлебнай нівы. І гэта ў іх атрымоўваецца на выдатна.