Жыццё ў рытме творчасці
Чачэршчына ведае шмат прозвішчаў работнікаў культуры, хто быў душой прывязаны да сваёй прафесіі, любіў людзей і аддаваў ім цеплыню сэрца, талент і жыццё.
На працягу многіх гадоў культурна-асветніцкую дзейнасць вяла былы загадчык Меркулавіцкага ЦСДК Алена Бозікава, якая стала заснавальніцай фальклорнага гурта «Меркулавіцкія вячоркі», музейнага пакоя вясковага побыту і адрадзіла на вёсцы абрад «Ваджэнне Куста». Унеслі вялікі духоўны і працоўны ўклад у захаванне бацькоўскай спадчыны і прапаганду мясцовых песень, традыцый і абрадаў былыя начальнікі аддзела культуры райвыканкама Варвара Дыбко і Пётр Несцяровіч, кіраўнікі Залескага хору Раман Гейфман і Міхаіл Фіясь, а таксама салісткі гурта Еўдакія Бабкунова і Еўдакія Загорцава.
Вялікую работу правялі па адраджэнні і папулярызацыі беларускай традыцыйнай культуры, этнаграфіі і фальклору загадчыкі Залескага ККЦ Еўдакія Маслава і Нісімкавіцкага ЦСДК Тамара Гулевіч, баечніца і кіраўнік Матнявіцкага клуба Вольга Дзяржынская, віртуозныя прыпевачніцы Марыя Трафімава і Вольга Багданава. Праславілі край і малую радзіму творчымі здольнасцямі музычна-спеўны дуэт у складзе Пятра і Марыі Гербаносенка з Глубочыцы, баяніст Аляксандр Курдзюмаў і найталенавіцейшыя гарманісты Любоў Галубіцкая і Пётр Біжуноў, апантаная матчынай песняй салістка народнага гурта «Лёс» Таццяна Лахцерава і Аляксей Маркоўскі, дырэктар дзіцячай музычнай школы Зінаіда Яроменка.
Прывівалі любоў да друкаванага слова і літаратуры дырэктар цэнтральнай бібліятэкі Марыя Багданава і загадчык аддзела абслугоўвання і інфармацыі ЦРБ Любоў Ермакова, загадчыкі Палескай бібліятэкі Ніна Патапава і Роўкавіцкай Вольга Фаміна, спецыялісты бібліятэчнай сістэмы Ала Машуціна і Фаіна Рохліна і інш. Надзейным дарадчыкам і памочнікам калектывам культустаноў была кіраўнік раённага арганізацыйна-метадычнага цэнтра Кацярына Кажамякіна. Пачаткоўцамі па збору экспанатаў для гісторыка-этнаграфічнага музея з’яўляліся яго дырэктар Яўгенія Шыпенка і галоўны захавальнік фондаў Валянціна Хадановіч.
За доўгі час сотні таленавітых і адораных прыхільнікаў галіны паказалі здольнасці і вернасць сваёй справе. Многія з іх знаходзяцца на заслужаным адпачынку, а асобных ужо няма на гэтым свеце. Аднак тое, чым яны жылі і што прапанавалі людзям, які ўнеслі ўклад у захаванне і адраджэнне роднай Бацькаўшчыны і яе духоўных каштоўнасцей, што пакінулі для нашчадкаў, застанецца ў памяці пакаленняў.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.