Сяргей Сідарэйка любімай справе аддаў свае веды, уменні і сэрца

Чачэршчына ганарыцца сваімі працавітымі і таленавітымі людзьмі. Нават калі асобныя адыйшлі ў іншы свет, памяць аб іх беражліва захоўваецца ў калектывах, сярод блізкіх і на старонках раённай газеты.

Даўно побач з намі няма ветэрана педагагічнай працы, добрага чалавека і вернага сябра, ураджэнца Рэчыцкага раёна Сяргея Данілавіча Сідарэйкі. Ён – адзін з прадстаўнікоў настаўніцкай дынастыі свайго роду. А роданачальнікам гэтай прафесіі стаў яго бацька Данііл Рыгоравіч, які аддаў любімай справе 37 гадоў. Яго брат Мікалай і сястра Алена вучылі юнае пакаленне светламу і разумнаму звыш 30 зімаў і вёснаў. Такі ж стаж каля школьнай дошкі і ў Сяргея Данілавіча. Але перад гэтым спазнаў турботы слесара-вышкамантажніка і памочніка свідроўшчыка нафтавых свідравін. І ўсё ж лёс наканаваў яму самую гуманную і неабходную спецыяльнасць, дараваную ў пасаг. Пачынаў з пасады настаўніка па ваеннай падрыхтоўцы, вёў урокі фізкультуры і пасля заканчэння дзяржуніверсітэта імя Ф.Скарыны і ўніверсітэта марксізма-ленінізма Гомельскага абкама партыі болей за два дзясяткі гадоў кіраваў Батвінаўскай установай адукацыі. Побач з ім заўсёды была ўважлівая і клапатлівая жонка – Марыя Яўменаўна выкладала рускую мову і літаратуру, была завучам. Ва ўсім падтрымлівала і садзейнічала мужу ў высакароднай настаўніцкай працы. Так жа дружна, мірна, душа ў душу амаль 45 гадоў жылі Сідарэйкі ў звычайным хатнім побыце: будавалі і даглядалі жыллё, садзілі агарод, прымалі гасцей, займаліся грамадскай дзейнасцю і выхоўвалі дзяцей, далучаючы да свайго прызвання. І гэта ім удалося. Сын Дзіма пэўны час таксама настаўнічаў, як і яго жонка Ірына. Дачка Іна працавала ў пачатковых класах, была псіхолагам і гісторыкам у Гомельскім вучылішчы рачнога флоту. Атрымаў дыплом аб педагагічнай адукацыі і ўнук Яўген.

Сёння наш зямляк мог бы радавацца за сваіх нашчадкаў, за поспехі вучняў роднай школы, творчыя і прафесійныя дасягненні калег. Але жыццё Сяргея Сідарэйкі абарвалася 7 гадоў таму. Калі б не тая акалічнасць, у гэту нядзелю ў хату Сяргея Данілавіча сабраліся б сябры і родныя, каб павіншаваць юбіляра з 75-годдзем. Безумоўна, многія ўспомняць яго і прынясуць на могілкі кветкі любімаму настаўніку, клапатліваму бацьку, уважліваму суседу і надзейнаму таварышу. Добрым людзям – добрая памяць.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика