«ЖЫЛЛЁ» ВЫДАЕЦЦА НЕ КОЖНАМУ

Падрыхтоўка да зімова-стойлавага ўтрымання ў сельгаспрадпрыемствах павінна была даўно скончыцца. А на самай справе яна ў некаторых гаспадарках у поўным разгары. Так, у СГФ «Прыазёрны» напрыканцы мінулага тыдня яшчэ не паставілі ніводны статак у хлявы. А на адным з іх яшчэ дакрывалі дах. Да гэтага часу даводзіцца ліквідаваць наступствы летняй стыхіі. Разбураны падчас урагану хлеў усё яшчэ адбудоўваецца. Нельга сказаць, што ў гэты восеньскі час ідэальны парадак на МТФ, але і бруд не так моцна кідаецца ў вочы. Пабелены столь і сцены, абкошана ў большасці сваёй трава, пафарбаваны фасады памяшканняў. А вось вялікая лужа ля аднаго з хлявоў і шэраг адыходаў будаўнічых матэрыялаў ужо не адзін месяц тут прыжываюцца.
На МТФ “Батвінава” на ўсю моц вядзецца рэканструкцыя ўсіх жывёлагадоўчых памяшканняў. Прыкладна з сярэдзіны лета тут пачаліся работы, а гэты час рагулі ўсё яшчэ “пражываюць” на пашы. Затое хлявы, прызначаныя для бяспрывязнага ўтрымання, павінны атрымацца ўтульнымі і прасторнымі, са светлымі малочнымі блокамі. Амаль цалкам гатовы быў толькі адзін хлеў. Тэрмін, калі неабходна скончыць працу ва ўсіх пяці, назначаны – 15 кастрычніка. Але ці паспеюць?
А вось на МТФ “Меркулавічы” парадак наводзіцца не так актыўна. Тут усяго і патрабавалася прыбраць у памяшканнях і падрамантаваць усё неабходнае. Хлявы, якія пакуль пуставалі, нічога не магу сказаць, прыбраныя. А вось у тым, куды каровы вяртаюцца з пашы на ноч, не адчуваецца гаспадарскай рукі. Натуральнае ўгнаенне тут не прыбрана, памяшканне цёмнае. А навошта святло, калі толькі пераначаваць сюды наведваюцца рагулі? Усё роўна не заўважаць. Памятаю, як два гады назад метадам амаль народнага будаўніцтва тут усё адбудоўвалі. Шкада, што атрыманае з вялікімі цяжкасцямі, не даглядаецца належным чынам. Ды і арганіка, зваленая паміж хлявамі, псуе ўвесь выгляд двара. А жыллёвыя ўмовы цялят адназначна патрабуюць паляпшэння. Цікава, якія яны на чарзе ў планах кіраўніка.
І яшчэ адзін пункт жыллёвай палітыкі – незасцекленыя вокны. Напэўна, еўрарамонт да гэтай зімы не прадбачыцца.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика