У ЧАКАННІ НІВЫ ЗАЛАТОЙ

Больш за сто пар працавітых сялянскіх рук ствараюць дабрабыт КСУП “Вазнясенск”, а разам з тым і папаўняюць раённы бюджэт. Журналістам, якія завіталі ў гаспадарку з традыцыйным Днём адкрытага пісьма, цяжка застаць на месцы аграрыяў – усе яны на палетках.
Веснавым днём старанным механізатарам шкада марнаваць час на размовы, наша сустрэча атрымліваецца ўсяго на працягу некалькіх хвілін. Руплівыя аграрыі ўжо засеялі 505 гектараў ранніх яравых зерневых культур, 128 га аднагадовых траў і каля 300 га кукурузы. Дарэчы, хутка каралева палёў займе амаль 1100 га плошчы, з якіх 700 – на зялёную масу. Штодня 18 адзінак тэхнікі накіроўваюцца кожная на свой участак з пэўнымі мэтамі – зрабіць добры зачын будучага ўраджаю, абслугоўваць дойны статак і жывёлу на адкорме, якіх даглядаюць на дзвюх фермах: у агр.Вазнясенскі і Падлужжы. Толькі выканаўшы ўсё своечасова, можна разлічваць на важкі каравай.
Намеснік дырэктара Таццяна Капылец з гонарам называе работнікаў, якія ўсе свае намаганні, прафесійнае майстэрства і вопыт аддаюць справе. У іх ліку механізатар Дзмітрый Гецікаў. Усю зіму ён займаўся рамонтам тэхнікі, перабіраў рухавікі, гатаваў магутныя агрэгаты да самай адказнай кампаніі. А сёння заняты на адвозцы саломы на подсціл каровам – вось такі ён універсальны. Калі трэба, і запасныя часткі заменіць, і жывёлаводам дапаможа. Такую жыццёвую пазіцыю выхавалі бацькі з дзяцінства, яны і самі не адзін дзесятак гадоў шчыравалі ў мясцовай гаспадарцы, а зараз працягваюць сямейную традыцыю дзеці. Дзмітрый атрымаў спецыяльнасць трактарыста ў Чачэрскім вучылішчы ў 1980-х, і з таго часу моцна звязаны з зямлёй-карміцелькай. Жонка Наталля таксама абрала прафесію, запатрабаваную ў сельгаспрадпрыемстве, яна працуе асемінатарам.
Малодшы брат Дзмітрыя Юрый добра вядомы тым, хто сачыў за зводкамі аб ходзе пасяўной. Сціплы перадавік узгадвае, як тыдзень-другі таму назад за дзень аббягаў да 40 гектараў, застаецца накіраваць усе сілы на пасеў кукурузы. Малады мужчына не першы сезон выходзіць у поле, і хоць пачынаў працоўны шлях у якасці слесара, больш па душы яму прасторы бяскрайняй раллі, гул магутных агрэгатаў і чаканне ўсходаў. Па-гаспадарску ўглядваючыся ў гарызонт, Юрый упэўнены: “Хочацца працаваць сумленна, калі атрымліваеш нядрэнны заробак, калі арганізавана якаснае харчаванне і ўвогуле адчуваеш падтрымку”. З нецярплівасцю кідае позіркі механізатар на свайго “Беларуса” з чатырохмятровай сеялкай, маўляў, няма калі разважаць, трэба завяршыць справу. І мы, пажадаўшы поспехаў, больш не затрымліваем яго.
Трэба адзначыць, што годна трымаюцца і маладыя спецыялісты. Загадчык майстэрні Антон Трафімаў і інжынер Ігар Карнеенка хутка ўліліся ў калектыў і паспелі стварыць уражанне кампетэнтных прафесіяналаў. Зусім нядаўна атрымаўшы дыпломы навучальных устаноў, яны не губляюцца, сутыкнуўшыся з неабходнасцю вырашаць вытворчыя задачы.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика