ГЛЫТОК “ЖЫВОЙ” ІНФАРМАЦЫІ

Ужо больш трох месяцаў прайшло, як на Чачэршчыне пранёсся мацнейшы ўраган. У выніку яго быў пашкоджаны дэкодэр на трансліраванне кабельнага тэлебачання. У каго меліся іншыя антэны, людзі пераключыліся і працягвалі глядзець хоць нейкія каналы. А вось мы, жывучы ў індывідуальным доме, у свой час былі перакананы, што сучаснае аснашчэнне надзейнае, набылі толькі кабельную.
Горка расчараваліся, калі адбылася такая грандыёзная паломка, спадзяваліся на хуткі рамонт. Але ж… “Не чакайце, не хутка адновяцца кабельныя тэлеперадачы, – такі адказ не аднойчы атрымлівала з тэлемайстэрні”. Праз пэўны час да некаторых шматкватэрных дамоў кабельнае ўсё-такі падключылі. А вось прыватны сектар застаўся без тэлебачання. Тут жа шматлікія жыхары пачалі купляць сучасныя “талеркі”, а хто і па дзве (дрэнна жывём?), некаторыя падключыліся да інтэрактыўнага тэлебачання (каму пашчасціла своечасова звярнуцца ў раённы вузел электрычнай сувязі), а меншасць зусім засталася без нічога. Вось і нам з мужам выпала такая доля. Ну, адразу ўсё чакалі: вось-вось пачне паказваць наш тэлевізар. І пакуль летам было цёпла, дзень доўгі, мы завіхаліся на агародзе, па гаспадарцы. У хату неяк не хацелася заходзіць.
Прыйшла восень. Дзень стаў кароткі, холадна на двары, на агародзе справы закончаны. З вечара б пасядзець ля тэлевізара, паслухаць навіны, паглядзець цікавыя перадачы. А ён … маўчыць. Вось і хаджу з вугла ў вугал, здаецца нечага не хапае, як жывой істоты якой. Праўда, сын прынёс відэамагнітафон. Пачалі глядзець кінафільмы. За месяц гэта так абрыдла. Здаецца, ўсё штучнае. І ўсё чакаем кабельнага. А па ім, як гавораць знаёмыя, ужо больш за 30 каналаў паказваюць. Не вытрымала мая душа, я пайшла на рынак і купіла звычайную, даўно аджыўшую, здаецца, “польскую” антэну. “Ды не будзе паказваць па ёй, – пераконваў мяне сын. – Можа адзін канал і будзе ісці”. “Ды я згодна хоць на адзін! – крычу яму, я не магу больш без “жывой” інфармацыі”.
Ура!!! “Ажыў” мой тэлевізар, аж пяць каналаў “выдае”! Мы з захапленнем глядзім навіны, нават на рэкламу злосці ніякай няма, гляджу “Рыжую”, якую бачыла толькі ў пачатку серыяла. Муж не адыходзіць, калі выступае каментатар спартыўных навін, чакае па “Ладу” чарговага футбола. Гэта так здорава, мне здаецца, што ў хаце з’явіўся яшчэ адзін жыхар. Вось што значыць глыток “жывой” інфармацыі.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика