БЕЛАЕ ЗОЛАТА МАЛОЧНЫХ РУДНІКОЎ
Яшчэ нядаўна на новабудоўлі малочна-таварнай фермы на 600 галоў ААТ “Звязда” было шумна і шматлюдна, работа кіпела на кожным участку, на кожным метры вытворчай тэрыторыі. А зараз тут зусім іншы шум – ад рыку жывёлы і апаратаў даільнай устаноўкі “Елачка”.
У лістападзе мінулага года ў светлыя памяшканні фермы былі пастаўлены на ўтрыманне 150 галоў цялушак. Па меры здачы ў эксплуатацыю аб’екта, пагалоўе паступова папаўнялася. Цяпер тут налічваецца 286 галоў дойнага статка, ад якіх штодзень аператары машыннага даення атрымоўваюць у сярэднім 5700 кг малака класам экстра, або 20 літраў сярэднесутачна на адну карову пры таварнасці прадукцыі 90-92%. Гэта вельмі добры паказчык, які дазваляе працаўнікам папоўніць бюджэт сельгаспрадпрыемства штодзень прыкладна на 31 мільён рублёў.
Як паведаміла загадчыца МТФ Наталля Герашчанка, накірунак дзейнасці тут – чыста малочны. Толькі ў адным з жывёлаводчых будынкаў утрымліваюцца бычкі ва ўзросце да шасці месяцаў. Астатняя жывёла прызначана даваць тлустае якаснае “белае золата”. Адметнай рысай працоўнага працэсу з’яўляецца цэхавая сістэма вытворчасці, адзначаюць спецыялісты гаспадаркі. У кожнай рагулі сваё месца – маладыя цялушкі, аплодненыя, сухастойныя, пасля цялення – усе размеркаваны па групах і катэгорыях у пяці прасторных светлых хлявах. Даенне праходзіць асобна ў малочна-даільным блоку. Пагрэцца на сонейку і дыхнуць свежага паветра рагатых прыгажунь выпускаюць на выгульныя пляцоўкі, а нованароджаныя малыя адразу перасяляюцца ў домікі халоднага вырошчвання, якіх на сёння ў наяўнасці 150 штук. Кармленне жывёлы трохразовае, механізаванае – зялёную масу з канцэнтратамі і ўсімі неабходнымі дабаўкамі гадаванцам дастаўляе кормараздатчык. Такі комплекс – мара кожнага кіраўніка сельгаспрадпрыемства. Але ж гэта прымушае і працаваць адпаведна. Таму, як лічаць спецыялісты, галоўнае ўсё ж – кадравы патэнцыял. “Даяркі ў нас вельмі добрыя, – прызнаецца загадчыца фермы. – На іх ускладзена вялікая адказнасць па вытворчасці малака, і яны гэта разумеюць. З такім калектывам глядзець у будучыню можна з аптымізмам”. І сапраўды, аператары машыннага даення задаволены станоўчымі пераменамі. Пэўны час нават без выхадных прыходзіла на раздой першацёлак Ала Мароз (на фота справа). Спачатку цяжка было, а тады нічога, звыклася, дый жывёла прызнала яе “за сваю”. У студзені змяніла працоўнае месца з горада на вёску і Ганна Максіменка (на фота злева). Кажа, на першых кроках не атрымоўвалася размаўляць на “ты” з камп’ютарнай тэхнікай. Баялася падступіцца да каровы. Цяпер працоўны дзень пралятае лёгенька. Тым больш, што добрай падтрымкай для жанчын – іх загадчыца Наталля Герашчанка. Яна і параіць, і навучыць, а калі трэба, то і выскажа заўвагу. На тое і пастаўлена сачыць за ўсім ходам бесперабойных работ. А яшчэ ў жанчын выдатны кіраўнік гаспадаркі Галіна Трыбунах. Яна больш за ўсіх заклапочана тым, каб было досыць і малака, і мяса, і прыбытку. Сорамна не апраўдаць надзеі дырэктара. Такой думкі прытрымліваюцца яшчэ Таццяна Точка і Яна Гардзеенка, а таксама жывёлавод на дойным статку Васіль Васільевіч Атрашкоў. Таму стараюцца ад душы… Новая ферма, новыя планы, новыя падыходы і – новыя вяршыні. У добры шлях!
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.