Уладзімір Пернікаў: «Скрыпіць маё пяро, дзяўбе паперу»
На пачатку лютага наш зямляк, ураджэнец горада Уладзімір Пернікаў адзначыў сваю 85-ю гадавіну з дня нараджэння. Яго жыццё і лёс цесна звязаны з журналістыкай – прафесія, якой ён аддаў 40 гадоў. А пачыналася ўсё адсюль, з ціхіх вулачак утульнага гасціннага Чачэрска.
Уладзімір Рыгоравіч нарадзіўся 4 лютага 1939 года. У вялікай сялянскай сям’і акрамя таго было яшчэ 6 дзяцей. Вядома ж, пасляваенная галадуха і бедната не абыйшлі бацькоўскую хату і яго асабіста. Да фізічных нагрузак і работы па гаспадарцы прыстасаваўся з маленства. Пасля ўрокаў, а вучыўся Валодзя ў першай гарадской школе, дапамагаў маці ў агародзе, з татам калолі дровы, нарыхтоўвалі жывёле корм, рамантавалі дом. Пасля заканчэння 10 класаў юнак паступіў на гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага педінстытута імя В.П.Чкалава. Атрымаўшы прафесію педагога, восем гадоў настаўнічаў. Гэта стала штуршком да яго журналісцкай работы. Менавіта ў гэты час Уладзімір Рыгоравіч адчуў патрэбу пакласці на аркуш паперы тое, што яго турбавала, цікавіла, аб чым балела і чаму радавалася душа. Замалёўкі аб людзях, артыкулы аб грамадскіх падзеях дасылаў у абласную газету «Гомельская праўда». І неўзабаве маладому рэпарцёру выдалі пасведчанне пазаштатнага карэспандэнта. Сваю журналісцкую практыку разгарнуў з праверкі лістоў са скаргамі падпісчыкаў. А ў 1969 годзе Уладзіміра Пернікава залічылі ў штат рэдакцыі літсупрацоўнікам. У абласным сродку інфармацыі «зведаў хлеба» уласнага карэспандэнта і загадчыка аддзела. У 1984 годзе перайшоў у рэспубліканскую газету «Звязда». Спярша працаваў радавым журналістам, а затым да 70-гадовага ўросту спецкарам па Гомельскай вобласці. Давялося па камандзіроўцы рыхтаваць матэрыялы аб вытворчай дзейнасці мазырскага нафтаперапрацоўчага, гомельскага хімічнага і жлобінскага металургічнага заводаў. Знаёміў чытачоў з якасцю прадукцыі жлобінскай фабрыкі штучнага футра і інш. За чатыры дзясяткі гадоў пабываў ва ўсіх кутках Гомельшчыны, знаходзіўся ў гушчы цікавых і важных падзей, праўдзіва і аператыўна дзелячыся замалёўкамі, рэпартажамі і іншай інфармацыяй з чытачамі на старонках СМІ.
Уладзімі Рыгоравіч быў частым госцем на малой радзіме, наведваў Чачэршчыну ў святочныя дні дзяржаўнага каляндара і падчас юбілею горада. У «Гомельскай праўдзе» і «Звяздзе» друкаваліся яго інтэрв’ю з кіраўнікамі раёна і органамі мясцовай улады, аповеды аб будаўніцтве райбальніцы, вытворчых поспехах лясгаса, ПМК-18, ветэранах вайны і працы, спартсменах. Калі здарылася аварыя на ЧАЭС, з мая па жнівень 1986 года некалькі разоў пабываў у радыяцыйнай зоне, жыў у ваенным палатачным гарадку. За адну камандзіроўку, у якой сустрэўся з вядомым расійскім і савецкім палітолагам Мікалаем Амельчанка, даў аж 9 матэрыялаў з забруджанай радыёнуклідамі тэрыторыі. А потым пісаў артыкулы з пацярпелых рэгіёнаў аб пераадольванні наступстваў тэхнагеннай катастрофы.
Прафесіяналізм і майстэрства журналіста адзначаны медалём «За працоўную доблесць», двума бронзавымі медалямі Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР, знакам «Выдатнік друку», ганаровымі граматамі Гомельскага аблвыканкама. Уладзімір Пернікаў ужо даўно на пенсіі, але, як кажуць, застаецца ў страі. Па-ранейшаму рыпіць яго пяро, нараджаюцца добрыя творы і газетныя публікацыі, якія выходзяць на старонках «Звязды», «Рэспублікі», «ГП» і «Друг пенсионера». Вельмі трапнымі і сюжэтнымі атрымоўваюцца кароткія жартоўныя апавяданні. Яшчэ скрыпіць яго журналісцкае пяро.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.