ТРЫУМФ ПЕРАМОЖЦАЎ
Вось і завяршыліся работы па веснавой сяўбе. На палетках раёна адгулі маторы магутных трактароў, што цягнулі за сабой культыватары, адгрукаталі бароны і сеялкі, адкружыла над свежай раллёй вараннё. Час падводзіць вынікі і ўзносіць на алімп працоўнай славы прозвішчы самых руплівых аграрыяў.
– Заўсёды прыемна ў такія хвіліны паціснуць руку нашым старанным хлебаробам, – гаворыць старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Вольга Ігнаценка. – Яны па праву заслужылі самых высокіх слоў падзякі і, канешне ж, іх клопат будзе адзначаны ў фінансавым эквіваленце. Па стану на 14 чысло ў сетку перадавых сейбітаў на розных участках занятасці выйшлі наступныя працаўнікі: тройку лідараў на сяўбе кукурузы складаюць Аляксей Казлоў з КСУП “Вазнясенск” (1200 га), Уладзімір Дзятлаў з ААТ “Звязда” (1180 га) і отарскі механізатар Міхаіл Карлоўскі (1130 га), заняўшыя першае, другое і трэцяе месцы адпаведна. На ўнясенні мінеральных тукаў сярод лепшых вызначыліся малады вадзіцель з ААТ “Звязда” Уладзімір Інавер (2800 га), Андрэй Буракоў з ААТ “Отар” (2463 га) і зноў жа земляроб са “Звязды” Аляксандр Белькін (2280 га). З радасцю называю прозвішчы першых на вывазцы арганікі – Сяргей Куркоў (15320 тон), Уладзімір Церахоўскі (15200 тон) і Іван Павялкоў (13100 тон). Хачу падзякаваць за добрыя кадры дырэктару ААТ “Звязда” Галіне Трыбунах, бо ўсе гэтыя механізатары – з дадзенай гаспадаркі. Вядома ж, перш чым кінуць зерне ў глебу, яе трэба спачатку па-гаспадарску падрыхтаваць да сяўбы. Чырвоны сцяг раённага спаборніцтва на зябліве мы ўзнімаем у гонар Міхаіла Мінянкова з ААТ “Отар” (1400 га), Васіля Паціпкі з ААТ “Звязда” (1370 га) і Аляксандра Каплунова з КСУП “Вазнясенск” (1234 га). Усе яны будуць прэміраваны пэўнай сумай грошай, а ад імя РК прафсаюза работнікаў АПК заняўшыя першыя месцы ў вышэй акрэсленых намінацыях раённага спаборніцтва на веснавой сяўбе атрымаюць па 300 тысяч рублёў кожны. Нізкі паклон усім, хто прачынаўся на досвітку і клаўся апоўначы. Слава рукам хлебаробаў!