«Купалаўскія чытанні»: дыпломы пераможцаў у чачаран

Мікалай Саханаў.

Вучні і педагогі ўстаноў адукацыі Чачэршчыны асобнае месца ў сваёй дзейнасці вылучаюць навукова-даследчаму накірунку, які прыносіць добрыя вынікі. Гэта ў чарговы раз пацвердзіў адкрыты конкурс творчых і даследчых работ «Купалаўскія чытанні». Трое рабят з нашага раёна годна прадставілі свае напрацоўкі, зацікавілі членаў журы і атрымалі дыпломы пераможцаў.

Традыцыйна напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы месцам правядзення конкурсу стала мазырская гімназія імя Янкі Купалы. Тут у трынаццаты раз сабраліся таленавітыя вучні з усяго гомельскага рэгіёна. Канкурэнцыя была даволі вялікая. Сваімі напрацоўкамі ў секцыі «Духоўная спадчына» чачаране ўразілі кампетэнтных спецыялістаў. Школьнікі паглыбіліся ў вывучэнне культуры, традыцый і звычаяў Чачэршчыны.

Мікалай Саханаў з Матнявіцкай школы разам з настаўніцай Ганнай Радзьковай асобны інтарэс праявілі да народнага абраду малой радзімы «Перанос свячы», які праводзіцца на зімовае свята Мікалая Угодніка. Сакральная дзея збірае вернікаў аграгарадка, каб пакланіцца святому і папрасіць яго заступніцтва, здароўя родным, дабрабыту ў сям’і і добрага ўраджаю. Падчас старажытнага абраду з хаты ў хату перадаюцца іконы праведнікаў і адбываюцца богаслужэнні. Гэты старажытны абрад мае вялікае значэнне для жыхароў населенага пункта. Работа дзевяцікласніка, які, дарэчы, упершыню ўдзельнічаў у конкурсе, адзначана дыпломам 2-й ступені.

Юлія Вялікая.

Сучаснасць і традыцыі беларускіх народных рамёстваў сталі тэмай даследвання вучаніцы Залескай школы Юліі Вялікай і педагога Наталлі Латышавай.  Дзякуючы фотараду члены журы і іншыя ўдзельнікі маглі пазнаёміцца не толькі з ганчарнымі, сталярнымі і іншымі вырабамі, якія ўваходзяць у экспазіцыю этнаграфічнага кутка, што знаходзіцца ў мясцовым кінаканцэртным цэнтры, але і сучаснымі. Гэты занятак мае даўнюю гісторыю. Шмат майстроў было на тэрыторыі населенага пункта раней: Васіль Матвееў, Міхаіл Гапеенка і іншыя. Але сучасныя ўмельцы, напрыклад Юрый Братачкін, не адстаюць, і іх прадукцыя мае знак якасці. Значыць, справа пряцягваецца. За арыгінальнасць раскрыцця абранай тэмы і странанні дзяўчынцы быў прысуджаны дыплом 3-й ступені.

Валерыя Гапеенка.

Аналагічная ўзнагарода папоўніла скарбонку асабістых дасягненняў гімназісткі Валерыі Гапеенка, якая ўжо некалькі разоў прымала ўдзел у «Купалаўскіх чытаннях» і станавілася пераможцай. У гэтым годзе яна ў сваёй даследчай рабоце раскрыла тэму выкарыстання фразеалагізмаў сучаснымі школьнікамі. Васьмікласніца зрабіла акцэнт на тым моманце, што вучні мала ўжываюць у мове ўстойлівыя выразы. Гэта ў большай ступені абумоўлена маленькім слоўнікавым запасам. Адным з практычных вынікаў плённай даследчай працы Валерыі трэба назваць і састаўленне пад кіраўніцтвам настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Людмілы Еўстраценка зборніка гульнёвых заданняў па фразеалогіі. Ён выклікаў не толькі зацікаўленасць у экспертнага журы, але мае і прыкладное прымяненне ў дзейнасці педагогаў.

Вельмі прыемна, што таленавітыя вучні нашага раёна цікавяцца роднай мовай, літаратурай, народнай спадчынай і сваю любоў да іх трансфармуюць у розныя творчыя ініцыятывы.

А.КІСЯЛЁВА.

Поделиться информацией:

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.

Яндекс.Метрика