Сваё жыццё і талент прысвяцілі справе педагога
Школьны званок для рабят пасёлка Вазнясенскі ўпершыню прагучаў у 1939 годзе. Менавіта тады хлопчыкі і дзяўчынкі Селяніна і Камуны селі за парты. Але неўзабаве пачалася вайна і дзверы школы зачыніліся на 3 гады, а сам будынак быў парушаны. Пасля вызвалення Чачэршчыны працэс аднавіўся, а вучэбнымі класамі для рабят сталі вясковыя хаты Харкуновых, Сцяпана Караткевіча, Пелагеі Буланавай і іншых сялян.
Так было да восені 1960 года, калі вучні і настаўнікі справілі наваселле ў драўляным будынку на 2 пакоі для двух спараных класаў, з вузкім калідорам і настаўніцкай. Аднак колькасць вучняў расла і вёсцы была патрэбна васьмігадовая школа. У яе будаўніцтве праявілі зацікаўленасць тагачасны старшыня калгаса Васіль Ерафеенка і дырэктар установы адукацыі Мікалай Маскаленка. У 1965-м новая школа займела статус «Камуна-Ленінскай васьмігадовай школы». Аднак пажар 1973 года пашкодзіў пабудову, што стала для вяскоўцаў трагедыяй. Рабятам давялося вучыцца ў пакоях сельскага клуба і калгаснай канторы, пакуль васьмігодку не адрамантавалі.
Ішоў час, змяняліся патрабаванні, адукацыйныя стандарты. І з’явілася неабходнасць узвядзення больш прыстасаванага сучаснага аб’екта. Гісторыя будаўніцтва ад першай цагліны ў падмурак школы да ўрачыста перарэзанай чырвонай стужкі аказалася зацяжной і напружанай. Аднак, дзякуючы настойліваму характару дырэктара Лідзіі Драбышэўскай і ўпартасці завуча Тамары Івалгінай, а таксама ўдзелу старшыні мясцовай гаспадаркі Мікалая Новікава, у 1997 годзе сімвалічны ключ ад новага тыпавога будынка даў старт чарговаму вітку ў летапісе школьнага жыцця. Пра той час з настальгіяй і трапяткімі пачуццямі ўспамінаюць аксакалы адукацыйнай справы Тамара Івалгіна і Ніна Ключынская. Пасля заканчэння інстытута імя Ф.Скарыны весці ўрокі рускай мовы і літаратуры Тамара Мікалаеўна прыйшла сюды ў 1987-м, і ў гэтым жа годзе яе прызначылі завучам. Паралельна яна навучала дзяцей нямецкай мове. Прафесіі педагога наша зямлячка аддала 37 зімаў і вёснаў, прычым 9 з іх знаходзячыся на заслужаным адпачынку.
«Наша школа заўсёды лічылася адной з лепшых у раёне, – расказвае ветэран працы. – Калектыў склаўся гарманічны, зладжаны, жылі як адна сям’я, за што ўстанову называлі самай гасціннай і сямейнай. Вялікая ўвага надавалася адраджэнню народных традыцый: святам Масленіца, Каляды, Вербная нядзеля, Дзяды, абраду «Бабіна каша». Касцюмы набывалі ў аднавяскоўцаў, шылі сваімі рукамі. Прыемна, што гэтыя традыцыі працягвае моладзь, і сёння калектыў школы такі ж моцны, напорысты і дружны». Тамара Івалгіна была арганізатарам шматлікіх культурна-масавых школьных мерапрыемстваў: канцэрты, конкурсы, урокі мужнасці, вечарыны, экалагічныя акцыі, турпаходы і многае іншае – праходзілі па яе ініцыятыве яскрава, карысна і пазнавальна.
Малодзенькай настаўніцай белмовы пачала свой прафесійны шлях Ніна Ключынская. З 1973 па 2016 гады яна аддала сваёй рабоце і дзецям душу, талент, веды. Заняткі Ніны Іванаўны заўсёды праходзілі цікава і напоўнена. Улюблёная ў беларускую гаворку, яна трапна і далікатна дзялілася гэтым скарбам з вучнямі. Менавіта ад яе перадалася прыхільнасць да роднага і блізкага цяперашняй настаўніцы пачатковых класаў Ірыне Маньковай. Педагагічны стаж Ірыны Пятроўны – 45 гадоў, з якіх 28 яна вядзе рабят у яркую і светлую краіну Ведаў. У яе практыцы 7 выпускаў школьнікаў пачатковага звяна. Адметнасць прызвання педагога – у поспехах школьнікаў, іх эстэтычным і патрыятычным выхаванні. Рука майстра адчуваецца і ў адшліфаваных паводзінах хлопчыкаў і дзяўчынак. Эрудыраваная, інтэлегентная і па-жаночы шчырая, адкрытая і пяшчотная, Ірына Пятроўна закладвае ў характар сваіх выхаванцаў самыя лепшыя чалавечыя якасці.
Ахвяравала школе жыццё, уменні і вопыт ветэран працы Лідзія Драбышэўская. Жанчына хоць і выпрацавала свой педагагічны стаж і выйшла на пенсію, але ўжо 11-ты год працягвае весці рабят 1-4-х класаў па сцяжынцы школьных пазнанняў. На Чачэршчыну ўраджэнка Рагачоўскага раёна прыехала следам за мужам у пачатку 1980-х і ўладкавалася на работу настаўніцай пачатковых класаў. Затым выкладала ўрокі хіміі і фізікі, 10 гадоў узначальвала калектыў. За гэты час давялося перажыць многае, але любоў да дзяцей і прафесіі засталася па-ранейшаму крыштальна чыстай і цвёрдай. Добрым словам хочацца ўспомніць сёння таксама прозвішчы Раісы Андрэевай, Марыі Крупенькінай, Ніны Ястачкінай, Галіны Карчэўскай, Рыгора Калеснікава, Людмілы Балотнікавай, Яўгена Ястачкіна і іншых, хто прысвяціў свой лёс педагагічнай справе.
Валянціна ПРАНКЕВІЧ.