В конкурсе определились лучшие осеменаторы Чечерщины

15 июля 2026
60
Прыклады прафесійнага майстэрства і ведання сваёй справы даказвалі на раённым конкурсе асеменатараў па штучным асемяненні жывёлы спецыялісты Чачэршчыны.

Мерапрыемства адбылося ў ААТ «Вазнясенск».

Удзел у традыцыйным штогадовым спаборніцтве прынялі больш за дзясятак прэтэндэнтаў на званне самага лепшага. З прывітальным словам да канкурсантаў звярнуўся старшыня райвыканкама Сяргей Гайкоў. Ён адзначыў, што прафесія асеменатара адна з найважнейшых у галіне жывёлагадоўлі, бо ад якаснай работы спецыялістаў залежыць прыплод маладняка, а значыць – малако і мяса. Выпадковых людзей тут не бывае: як заўважыў Сяргей Мікалаевіч, яны тут доўга не затрымліваюцца. І той, хто сёння стаіць на гэтым важным участку, павінен валодаць добрымі навыкамі, адпаведнай кваліфікацыяй і вялікай адказнасцю.
Галоўнымі крытэрыямі ацэнкі іспыту былі тэарэтычныя веды, практычныя навыкі, і абавязкова ўлічваўся паказчык па выхадзе цялят на 100 кароў. Строгае журы, у склад якога ўвайшлі начальнік Чачэрскага філіяла РСУП «Гомельдзяржплемпрадпрыемства» Генадзь Хваль, галоўны ветурач райветстанцыі Мікалай Еўдакіменка і ветурач Дзмітрый Ганчароў, а таксама іншыя спецыялісты, уважліва сачыла за тым, як удзельнікі рыхтуюць пісьмовыя тэставыя адказы. Давалі адзнаку практычным ведам і, канешне ж, бралі ва ўлік канчатковы вынік іх работы па асемяненні і расцёлах жывёлы.

У выніку прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: трэцюю пазіцыю заняла Таццяна Лашкіна з ААТ «Звязда», на другое месца выйшла отарскі спецыяліст Наталля Біндзюкова. А абсалютным лідарам і майстрам вышэйшага класу ў гэты дзень прызнана Марына Рашэтнікава з «Вазнясенска». Усе жанчыны набралі максімальную колькасць балаў у тэставым іспыце – 25, але заключным акордам стаў паказчык па выхаду цялят. Генадзь Хваль паціснуў рукі пераможцам, уручыў дыпломы, кветкі, грашовую прэмію і падзячыў усім удзельнікам за іх важную і такую неабходную працу.

А старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Анжаліка Краўчанка адзначыла, што менавіта кваліфікацыя і вопыт вызначаюць эфектыўнасць асемянення, і ўручыла падзячныя лісты і падарункі за шматгадовы плён у дадзенай галіне асеменатарам: Святлане Гусаравай з «Батвінава» і Ліліі Велігоша з «Отара». На развітанне ўсім удзельнікам пажадалі здароўя, сямейнага дабрабыту і поспехаў, а Марыне Рашэтнікавай – удачы на абласным этапе конкурсу.







Валянціна ПРАНКЕВІЧ
ФОТО АЎТАРА